Працягваем сачыць за сітуацыяй у Інданезіі

7 декабря 2016

Там колькасць загінуўшых ад землетрасення з кожнай гадзінай расце. На дадзены момант іх амаль сотня. Дакладная колькасць параненых дагэтуль не вядома. Адна з трох бальніц акругі Підыджая - а яна пацярпела мацней за ўсё - паведаміла аб паступленні 500 пацыентаў. 70 з іх у цяжкім стане. Адзначым, Інданезія адзін з самых сейсмічна небяспечных куткоў планеты. Нярэдка жыхары краіны становяцца заложнікамі разбуральнай стыхіі. У 2010 ад землетрасення і цунамі загінула каля паўтысячы чалавек. Спачуванне Прэзідэнту Інданезіі Джока Відода, а таксама родным і блізкім загінуўшых ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Расказвае Юрый Казлоў.

Зараз у Інданезіі гадзіна ночы. Але нягледзячы на позні час, разбор завалаў на востраве Суматра працягваецца. У раён бедства сцягнута цяжкая тэхніка. Працу ратавальнікаў ускладняе ландшафт - горы і ўзгоркі.

Першы штуршок магнітудай 6 з паловай адбыўся раніцай. Адразу за ім услед - яшчэ 12 менш моцных. Паводле звестак сейсмолагаў, эпіцэнтр землетрасення знаходзіўся за 18 кіламетраў на паўночны ўсход ад акругі Підыджая. Сур'ёзна пацярпеў адміністрацыйны цэнтр рэгіёна - горад Мероду. Ачаг залягаў на адносна невялікай глыбіне - не больш за 10 кіламетраў. На шчасце, пагрозы цунамі аб’яўлена не было, інакш маштаб разбурэнняў быў бы яшчэ больш катастрафічным.

У бок павелічэння, мяркуюць мясцовыя ўлады, зменіцца і колькасць загінуўшых і параненых. Колькі людзей знаходзіцца пад заваламі будынкаў - невядома. Больш за тое, у некаторыя пацярпелыя ад стыхіі раёны дагэтуль не дастаўлены лекі і неабходнае медыцынскае абсталяванне. Месцаў у бальніцах не хапае. Шматлікія пацыенты размешчаны ў калідорах альбо наогул у палатках пад адкрытым небам.

Землетрасенні ў Інданезіі не проста не рэдкасць. Малайскі архіпелаг трасе пастаянна - у сярэднім тут фіксуецца 4-5 слабых землетрасенняў за суткі. Справа ў тым, што астравы знаходзяцца ў самай сейсмічна актыўнай зоне Зямлі - Ціхаакіянскім вогненным кольцы. Тут сканцэнтравана 90 % усіх вулканаў планеты, уключаючы падводныя.

Плюс стык дзвюх тэктанічных пліт - Індыйскай і Бірманскай. Пры іх рэзкім руху марское дно паднімаецца на некалькі метраў - гэта выклікае разбуральныя цунамі. У 2004 годзе з-за такога зруху ля ўзбярэжжа Суматры адбылося самае страшэннае землетрасенне ў сучаснай гісторыі. Падземныя штуршкі і выкліканае імі цунамі забралі каля 300 тысяч жыццяў у 12 краінах Індыйскага акіяна, а хвалі-забойцы дасягнулі нават афрыканскага ўзбярэжжа. Менш чым праз год ахвярамі моцнага землетрасення каля вострава Ніяс сталі 900 чалавек. У кастрычніку 2010 ля вострава Паўднёвы Пагэй з-за ўдару стыхіі загінулі каля 500 мясцовых жыхароў. Выкліканае падземнымі штуршкамі 15-метровае цунамі сцерла з зямлі шэсць населеных пунктаў.