Прэзідэнт Францыі выступіць са зваротам да народа

10 декабря 2018

Адбудзецца гэта на фоне акцый пратэстаў "жоўтых камізэлек". Дэманстранты падалі спіс патрабаванняў з 25 пунктаў. Зараз яны чакаюць ад Макрона "канкрэтных і неадкладных мер". Лідар Францыі сёння правёў экстранныя перамовы з прадстаўнікамі вядучых прафсаюзаў і аб'яднанняў прадпрымальнікаў. Ці знайшлі кампраміс? Хутка даведаемся. Пакуль вядома, што ўлады заявілі, што "не ўсе праблемы можна вырашыць па ўзмаху чароўнай палачкі".

Теры Поль Валет, каардынатар руху "Жоўтыя камізэлькі": "Мы самі супраць насілля. Але што застаецца рабіць, калі няма сацыяльнай справядлівасці. Вы забіваеце сярэдні клас і толькі ўмацоўваеце няроўнасць: бедныя становяцца яшчэ больш беднымі, а багатыя яшчэ больш багацеюць. Людзі больш не могуць мірыцца з гэтым. Гэта проста недапушчальна".

Як піша The Wall Street Journal, насілле, што адбылося нягледзячы на ўзмацненне бяспекі ў выхадныя ў буйных гарадах Францыі, "загнала Макрона" ў вугал як ніколі раней. Французскі лідар сутыкаецца з беспрэцэдэнтным націскам згарнуць свае маштабныя планы па рэфармаванні эканомікі краіны. Нагадаем, у акцыі пратэсту прынялі ўдзел 136 тысяч незадаволеных. Як вынік - сутыкненні з паліцэйскімі, пабітыя вітрыны магазінаў, падпалы. Арыштавана больш за тысячу чалавек, 135 атрымалі раненні.

"Павучыць" французаў паспрабаваў Прэзідэнт ЗША. Дональд Трамп у сваім мікраблогу выказаў упэўненасць, што галоўнай прычынай масавых пратэстаў у Францыі стала менавіта Парыжскае пагадненне па клімаце. Рэакцыя была неадкладная. Кіраўнік французскага МЗС заклікаў амерыканскага лідара не ўмешвацца ў справы рэспублікі. "Мы не ўдзельнічаем у амерыканскіх дэбатах, дазвольце нам самім займацца жыццём сваёй нацыі", - заявіў міністр.