Прадстаўнікі беларускіх дыпмісій за мяжой прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Перамозе

11 мая 2015

Прадстаўнікі беларускіх дыпмісій за мяжой прынялі ўдзел у дзясятках мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне Вялікай Перамогі.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі ўсклаў вянкі да Сцяны свабоды ў Вашынгтоне. Як адзначылі ў прэс-службе МЗС нашай краіны, саветнік прэзідэнта ЗША па пытаннях нацбяспекі пасол Сьюзан Райс перадала падзяку амерыканскага народа краінам-саюзніцам, што перамаглі ў вайне. Асаблівую ўдзячнасць Сьюзан Райс выказала Беларусі, Расіі і Украіне, якія панеслі ў перыяд вайны значныя страты.

Пасольства Беларусі ў Венгрыі прыняло ўдзел у арганізацыі цырымоніі ўскладання вянкоў ля помніка савецкім салдатам, якія вызвалялі Будапешт.

А пасол нашай краіны ў Літве Аляксандр Кароль у гонар памятнай даты наведаў воінскія пахаванні на могілках Вільнюса.

У Ізраілі беларускія дыпламаты пабывалі на ўрачыстасцях у горадзе Кір'ят Ям, дзе павіншавалі мясцовых ветэранаў вайны.