Свята ў Шры-Ланцы азмрочана тэрактамі. У краіне прагрымела восем выбухаў

21 апреля 2019

Свята ў Шры-Ланцы  сёння азмрочана тэрактамі. За дзень у краіне прагрымела восем выбухаў. Спачатку невядомыя прывялі ў дзеянне прылады ў каталіцкіх цэрквах  Каломба, Нягомба і Бацікалоа. Яшчэ тры ў пяцізоркавых гатэлях. Сёмая бомба  ўзарвалася ў гасцініцы "Тропікал Ін". Восьмы выбух адбыўся тры гадзіны таму ў сталіцы. Частку атак учынілі смяротнікі. Загінулі больш як 200 чалавек. 500 атрымалі раненні. Сярод ахвяр  35 іншаземцаў. Гэта падданыя  ЗША, Вялікабрытаніі і Нідэрландаў. У Шры-Ланцы  ўведзена каменданцкая гадзіна, абмежаваны доступ у інтэрнэт. Ніводная з груповак пакуль не ўзяла на сябе адказнасць. Паводле адной з версій,  за тэрактамі стаяць ісламісты,  аб планах якіх паліцыя ведала загадзя. Ужо затрымана трое падазроных. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  ад імя народа і сябе асабіста  выказаў спачуванне і словы падтрымкі лідару Шры-Ланкі  Майтрыпале Сірысене, родным і блізкім загінуўшых і пацярпелых. Наша краіна рашуча асуджае цынічныя злачынствы  супраць ланкійскага народа, заклікае сусветную супольнасць працягваць барацьбу з любымі праявамі тэрарызму, экстрэмізму, нецярпімасці і запрашае прагрэсіўнае грамадства  да шырокага дыялогу  з мэтай павышэння мер даверу і бяспекі.