Павышэнне зарплат, пенсій і дапамог! З такімі лозунгамі ў Кіеве сёння святкавалі Першамай. Прыхільнікі Сацпартыі Украіны і іх калегі па левых поглядах прайшлі маршам па цэнтры ўкраінскай сталіцы. Апроч заклікаў да сацыяльнай справядлівасці, многія выступоўцы патрабавалі адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі правесці рэферэндум па пытаннях статусу рускай мовы і ўнітарнага ладу Украіны. Ва ўсходніх рэгіёнах краіны мітынгі прыхільнікаў федэралізацыі зноў перараслі ў спробы захопу адміністрацыйных будынкаў. У Данецку дэманстранты штурмам узялі будынак пракуратуры. У выніку сутыкненняў з міліцыяй раненні атрымалі некалькі чалавек. У Харкаве каля дзвюх тысяч прыхільнікаў федэралізацыі пікетавалі будынак абласной адміністрацыі. Тут абышлося без сутыкненняў. Патрабаванні тыя ж - правядзенне рэферэндуму аб статусе рэгіёну. Сёння ж стала вядома, што МВФ адобрыў вылучэнне Украіне крэдытаў на агульную суму больш за сямнаццаць мільярдаў долараў. Іх краіна атрымае на працягу 2 гадоў. І першы транш - больш за тры мільярды - паступіць ужо ў найбліжэйшы час. Зараз галоўнае пытанне, як і на што краіна, якая, па сутнасці, стаіць на грані банкруцтва, выдаткуе гэтыя сродкі? Асабліва ўлічваючы пазыковыя абавязацельствы. Бо таму ж МВФ Кіеў вінен пяць мільярдаў долараў. Яшчэ тры з паловай мільярды трэба заплаціць за газ з Расіі.














