Пра гэта заявіла Тэрэза Мэй па выніках пяцігадзіннай нарады з членамі кабінета. Зараз дакумент, які складаецца з 585 старонак, павінен разгледзець парламент краіны, і гэтая працэдура не абяцае быць простай.
Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Гэтае рашэнне не далося нам лёгка, але яно цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Гэтае пагадненне дазваляе вярнуць кантроль над нашымі грашыма, законамі і межамі, дазваляе пабудаваць яркую будучыню для Вялікабрытаніі. Рашэнне адобрыць пагадненне з ЕС было дбайна прааналізаванае. Наперадзе нас чакаюць цяжкія дні, але дазвольце мне дадаць: я веру душой і сэрцам, што гэтае пагадненне паслужыць інтарэсам усяго Злучанага Каралеўства".
Паводле дакумента, Брытанія і ЕС захаваюць узаемны доступ да рынкаў і бязвізавы рэжым. Абодва бакі таксама маюць намер ужываць сумесную санкцыйную палітыку пры супадзенні іх знешнепалітычных інтарэсаў. Важным складальнікам пагаднення стала пытанне мяжы паміж Рэспублікай Ірландыя і Паўночнай Ірландыяй. Раней перагаворшчык па Брэксіце ад ЕС Мішэль Барнье паведаміў, што бакам атрымалася знайсці рашэнне, якое дазволіць пазбегнуць "цвёрдай міжірландскай мяжы".
Нагадаем, канчатковы выхад Брытаніі з ЕС запланаваны на 29 сакавіка наступнага года, пасля чаго наступіць пераходны перыяд, які падоўжыцца да канца 2020.