У мінулую пятніцу ў Швейцарыі стартавала сустрэча ўрада Сірыі і апазіцыйных сіл. Аднак шматлікія эксперты выказваюць меркаванне, што і без тэрактаў перамовы могуць скончыцца безвынікова, бо дагэтуль не могуць дамовіцца аб складзе дэлегацый. Сусветная супольнасць, у сваю чаргу, настойліва заклікае бакі сесці за стол перамоў. Толькі гэты шлях дапаможа Сірыі ўзяць сітуацыю "пад кантроль".
Джон Кэры, дзяржсакратар ЗША:
"Я хачу заўважыць, што ваеннага рашэння сітуацыя ў Сірыі не мае. Без перамоў кровапраліцце будзе працягвацца да таго часу, пакуль кожны горад і кожны дом не будзе разбураны дашчэнту, і пакуль усе аб'екты інфраструктуры і ўсе прыкметы цывілізацыі не будуць знішчаны. Колькасць тэрарыстаў, якія прыцягнуты да гэтай барацьбы, будзе толькі расці. Канфлікт лёгка можа выйсці з пад кантролю і ахапіць увесь рэгіён. Толькі перамовы могуць уберагчы Сірыю ад такога ходу падзей".
Тым часам адказнасць за трайны тэракт у прыгарадзе Дамаска на сябе ўзяла групоўка "Ісламская дзяржава". Напярэдадні ў густанаселеным квартале паміж аўтобусным прыпынкам і рынкам спачатку на паветра ўзляцеў замініраваны аўтамабіль, калі людзі сабраліся, каб дапамагчы пацярпелым, - выбуховыя прылады прывялі ў дзеянне смяротнікі. Загінулі 77 чалавек, больш за 110 атрымалі раненні. Сярод ахвяраў - шмат дзяцей, якія ехалі ў школьным аўтобусе, побач з якім і адбыўся адзін з выбухаў.













