Польшча прыпыняе дзеянне малога прыгранічнага перамяшчэння з Расіяй і Украінай

7 июля 2016

Больш дбайныя праверкі чакаюцца і на беларускай мяжы. Варшава ўводзіць часовы кантроль таксама на ўнутраных межах з Шэнгенскай зонай. Гэта звязана з правядзеннем саміта НАТА ў Варшаве ў пятніцу і суботу, а таксама каталіцкіх сусветных дзён моладзі ў канцы месяца ў Кракаве. Аўтападарожнікі павінны быць гатовыя да дадатковых праверак дакументаў.

Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі: "Нашым грамадзянам варта ўлічваць гэтыя акалічнасці, гэтыя ўмовы і разумець, што гэтыя праверачныя мерапрыемствы будуць датычыцца і іх у тым ліку пры наведванні Польшчы або праездзе транзітам праз Польшчу. Таму рэкамендацыі будуць звязаныя з тым, каб грамадзяне яшчэ раз правяралі дакументы перад паездкай. Яны павінны быць сапраўдныя па тэрмінах, па напаўняльнасці. Трэба ўлічваць тое, што з сабою неабходна мець яшчэ і страхоўкі, як медыцынскія, так і на транспарт".

Паведамляецца, што кантроль будзе ўсеагульным, таму пад праверку патрапяць усе, каго зацікавяць польскія спецслужбы. Абмежаванні знімуць у пачатку жніўня.