Польшча абмежавала паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда

29 декабря 2015

Адпаведны закон падпісаў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Зараз суд, які складаецца з 15 суддзяў, будзе прымаць рашэнні дзвюма трацінамі галасоў супраць звычайнай большасці раней. Пры гэтым на пасяджэнні павінны прысутнічаць не меней як 13 суддзяў. Новы закон раней крытыкавалі як у самой Польшчы, так і ў Еўрасаюзе. Апаненты рэформ мяркуюць, што змены прывядуць да ўзмацнення ўрадавага ўплыву на гэты інстытут: для дасягнення кворуму суду прыйдзецца на сталай аснове ўключаць пяць суддзяў, нядаўна прызначаных парламентам, дзе дамінуе кіруючая партыя. У Еўракамісіі ўжо заявілі, што ініцыятыва падрывае прынцып вяршэнства права. А паводле слоў кіраўніка МЗС Люксембурга, які старшынствуе ў ЕС, закон фактычна пазбаўляе паўнамоцтваў вышэйшы суд як кантрольную інстанцыю. Як адзначае аўстрыйскае выданне "Дэр Штэндард", прыход да ўлады ў Польшчы праварадыкальнай партыі "Права і справядлівасць" на чале з Яраславам Качыньскім можа павярнуцца сапраўднай праблемай для Еўрасаюза. Выданне спрагназавала, што ў наступным годзе Польшча стане для ЕС большай праблемай, чым Украіна.