Паліцыя Новай Зеландыі пацвердзіла затрыманне Брэнтана Таранта

15 марта 2019

Паліцыя Новай Зеландыі пацвердзіла затрыманне меркаванага арганізатара і ідэолага масавага расстрэлу людзей у мячэцях  Крайстчэрча Брэнтана Таранта. 28-гадовы аўстраліец вёў прамую трансляцыю атакі на культавы аб'ект у Fасеbооk.  У гэты час яго саўдзельнікі напалі на суседні храм. Загінулі 49 чалавек, яшчэ больш як 50 атрымалі раненні. 

Спачуванне генерал-губернатару Новай Зеландыі Пэтсі Рэдзі, родным і блізкім загінуўшых, а таксама словы падтрымкі і пажаданні хутчэйшага выздараўлення пацярпелым накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што жудасны акт гвалту яшчэ раз даказвае неабходнасць самым рашучым чынам змагацца супраць любых праяў тэрарызму і нетрывальнасці. Нішто не можа апраўдаць дзеянняў, якія вядуць да смерці нявінных людзей", - гаворыцца ў спачуванні. Нагадаем, перад нападам тэрарыст апублікаваў у сетцы 37 старонак маніфеста, у якім сам ахарактарызаваў свае дзеянні як тэракт і выказаў ультраправыя погляды.  На фоне трагедыі ўзровень пагрозы ў Новай Зеландыі быў падняты да максімальнага. Аэрапорты не выпускаюць і не прымаюць рэйсы. Зачыненыя школы. Людзям рэкамендавана не пакідаць свае дамы. Пасля тэракта ў Крайстчэрчы меры бяспекі ўзмацнілі Парыж і Лондан.