Замах аказаўся інсцэніроўкай

30 мая 2018

Галоўная сенсацыя дня. Расійскі журналіст Аркадзь Бабчанка жывы. Замах аказаўся інсцэніроўкай, мэтай якога было выяўленне заказчыка забойства. Пра гэта на спецыяльным брыфінгу распавялі кіраўнікі Генпракуратуры і Службы бяспекі Украіны. Да прэсы выйшаў і сам "забіты". Ён папрасіў прабачэння ў сям'і, якая аб аперацыі нічога не ведала. Як заявіў галоўны пракурор Украіны Юрый Луцэнка, за забойства Бабчанкі кілеру (былому ветэрану АТА) прапанавалі 30 тысяч долараў. Падазроны ў падрыхтоўцы замаху затрыманы, яго дапытваюць.

У арганізацыі забойства следства абвінаваціла расійскія спецслужбы. У Савеце Федэрацыі Расіі спецаперацыю СБУ назвалі "пастаноўкай і правакацыяй".

Крытычна да інсцэніроўкі аднеслася і арганізацыя "Рэпарцёры без меж". Яе кіраўнік Крыстаф Дэлуар назваў здарэнне маніпуляцыяй украінскіх спецслужбаў і новым крокам у інфармацыйнай вайне. "Для ўрада заўсёды вельмі небяспечна іграць з фактамі, асабліва выкарыстоўваючы журналістаў для сваіх фальшывых гісторый", - заявіў Дэлуар.

Сапраўды, навіны аб гібелі Аркадзя Бабчанкі выглядалі больш чым праўдападобна. Бо гучныя заказныя забойствы ва Украіне - не рэдкасць. Напрыклад, Бабчанку пашанцавала куды больш, чым Паўлу Шарамету. Летам 2016 расійскі журналіст (ураджэнец Беларусі) быў узарваны ў сваім аўтамабілі ва ўкраінскай сталіцы.

Вясной мінулага года прама ў цэнтры Кіева кілер застрэліў былога дэпутата расійскай Дзярждумы Дзяніса Вараненкава. Усяго з 2013 ва Украіне загінулі альбо былі забітыя 19 журналістаў.