Падрабязнасці авіякатастрофы ў Сан-Францыска

8 июля 2013

У ЗША з'явіліся падрабязнасці суботняй авіякатастрофы ў Сан-Францыска. Камандзір Boeingа 777 меў вельмі маленькі вопыт кіравання такімі самалётамі. Кампанія Asiana Airlines паведаміла, што пілот налётаў толькі 43 гадзіны, а такую пасадку і ўвогуле выконваў упершыню ў сваім жыцці - а для некаторых пасажыраў - у апошні раз. Гэта пагражае буйным скандалам, бо раней ужо гучала версія аб адмове курса-глісаднай сістэмы. Яна і дапамагае лётчыкам аўтаматычна саджаць самалёты.


Яшчэ адзін факт, які шакіраваў медыкаў. Адна з загінуўшых пасажырак магла б выжыць, калі б не машына ратавальнікаў, якая пераехала яе падчас хаосу на ўзлётна-пасадачнай паласе.


Расказвае Андрэй Нікалаенка: Boeing 777-200 паўднёвакарэйскай авіякампаніі Asiana Airlines пацярпеў аварыю ў аэрапорце Сан-Францыска ў суботу. Пры заходзе на пасадку лайнер зачапіў каменную дамбу. Самалёт прапоўз на пузе, у яго адваліўся хвост, а потым машына загарэлася. Усяго на борце лайнера, які рухаўся рэйсам з Сеула, знаходзіліся 307 пасажыраў. У выніку катастрофы загінулі дзве 16-гадовыя школьніцы з Кітая, пацярпелі 182 чалавекі, стан 49 з іх урачы ацэньваюць як крытычны. Між тым стала вядома, што камандзір экіпажа спрабаваў адвесці лайнер на другі круг у апошнія імгненні перад крушэннем. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным упраўленні ЗША па бяспецы на транспарце, абапіраючыся на расшыфраваныя запісы перамоў пілотаў з дыспетчарамі аэрапорта.


Раней прадстаўнікі паўднёвакарэйскай авіякампаніі, якой належаў лайнер, паведамілі, што пілот Боінга налётаў на гэтым тыпе самалёта ўсяго 43 гадзіны. У найбліжэйшы час будуць дапытаны ўсе члены каманды. Разам з тым авіяцыйныя ўлады ЗША падкрэслілі, што ні адна з версій крушэння пасажырскага самалёта пакуль не выключаецца. Раней паведамлялася, што прычынай аварыі магло стаць тое, што ў аэрапорце Сан-Францыска не працавала курса-глісадная сістэма, якая дапамагае пілотам заводзіць самалёт на пасадку. Праліць святло на тое, што здарылася, таксама павінны чорныя скрыні. Самапісцы ўжо дастаўленыя для расшыфроўкі ў лабараторыю ў Вашынгтоне.