Падазроныя ў тэракце ў Новай Зеландыі затрыманыя

15 марта 2019
Трывожныя навіны прыйшлі сёння з  Новай Зеландыі. Тэракт у горадзе Крайстчорч на ўсходзе краіны  забраў жыцці 49-ці чалавек, дзясяткі атрымалі раненні.  Узброеныя людзі ўварваліся ў мячэці адразу пасля дзённай малітвы і заблакіравалі ўваходныя дзверы. На момант захопу ў будынках заставалася каля 500  чалавек. Спачуванне генерал-губернатару Новай Зеландыі  Пэтсі Рэдзі, родным і блізкім загінуўшых  ад імя народа і сябе асабіста выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы  Аляксандр Лукашэнка. На дадзены момант  падазроныя  затрыманыя. Адзначым, меркаваны арганізатар тэракту  вёў прамую трансляцыю атакі ў "Фэйсбук". Мы сочым за сітуацыяй. 

Ахвяраў тэрарысты планавалі больш - на месцы нападу паліцыя выявіла аўтамабілі з  выбуховымі прыстасаваннямі, якія не разарваліся. 

Затрыманых дапытваюць. Джасінда Ардэрн, прэм'ер-міністр Новай Зеландыі: "Гэта беспрэцэдэнтны акт насілля, якому няма месца ў Новай Зеландыі. Гэта - не мы. Для людзей, на якіх напалі сёння, Новая Зеландыя - гэта родны дом. А чалавеку, які ўчыніў  злачынства супраць іх, - няма месца ў Новай Зеландыі". 

Чацвёра выканаўцаў… Ідэйны натхніцель крывавай акцыі - Брэнтан Тарант. Рыхтаваў тэракт яшчэ за два гады.  А напярэдадні апублікаваў у сацсетцы  свой так званы маніфест. Назваў  яго: "Вялікае замяшчэнне".Маючы на ўвазе масавую плынь  мігрантаў у Еўропу, расцэньваючы яго як напад на еўрапейцаў. Маўляў, калі з ім не змагацца, гэта прывядзе да поўнай расавай і культурнай замены еўрапейскага народа. Відавочна нагадвае ідэалогію нарвежскага забойцы  Брэйвіка. 

Эрна Сульберг, прэм'ер-міністр Нарвегіі: "Гэта, на жаль, асацыюецца з тым выпадкам у Нарвегіі, які стаў адным з горшых здарэнняў у нашай краіне. І, здаецца, з'яўляецца тэрарыстычнай атакай вельмі правых супраць імігрантаў і бежанцаў. Гэта супярэчыць усім нашым намаганням супраць напружанасці і экстрэмізму. Але прымушае нас быць яшчэ больш салідарнымі".

28-гадовы выхадзец Аўстраліі распавядае аб сабе, як аб бедным развозчыку  шашлыкоў, аб белым чалавеку, які вырашыў паўстаць, каб забяспечыць будучыню для свайго народа. Называе  сябе этнанацыяналістам, расістам і экафашыстам. Нават наведваў неспакойную Украіну,  пра што згадаў у маніфесце: "Не засталося месца, каго  не закранула  б міграцыя: ні ў Ісландыі, ні ў Польшчы, ні ў Новай Зеландыі, ні ў Аргенціне, ні ва Украіне. Я ведаю, таму што я быў там". 

А яшчэ заклікаў знішчыць шэраг палітыкаў, у тым ліку - нямецкага і турэцкага лідараў. 

Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі: "Гэта ісламафобія, свет доўга на гэта глядзеў, і яна дасягнула маштабаў разні. Відавочна, што гэты напад - вынік доўгага планавання, гэта не імпульсіўныя паводзіны. Матывы і настроі забойцы, які нацэліўся і на нашу краіну, хутка распаўсюджваюцца ў заходняй супольнасці. Але гэтая тэндэнцыя  пагражае чалавецтву ў цэлым!".

Сённяшні расстрэл забойца здымаў на GoPro. Дзясяткі паведамленняў аб мультыкультуралізме ў Еўропе і "генацыдзе белых" выяўлены і на старонцы забойцы ў Facebook. Неўзабаве пасля разні ў мячэцях  любыя паведамленні з гэтым імем, як і яго маніфест, выдалілі. Паліцыя папрасіла  журналістаў не распаўсюджваць відэа і фатаграфіі з гэтых акаўнтаў.

Джон Беркоу, спікер Палаты суполак Вялікабрытаніі: "Гэта не застанецца беспакараным. Гэта, шчыра кажучы, сапраўдны фашызм, быць упэўненым, што,  хто дзейнічае сілай, той і мае рацыю. Толькі псіх можа думаць, што гэта застанецца без адказу".

Зло спараджае зло. І чарговая смяротная акцыя крывавым рэхам справакуе новыя акты агрэсіі ў адказ. Тэракт у Новай Зеландыі стаў самым крывавым з пачатку гэтага года ў свеце. Абмяркоўваць і разбірацца ў матывах злачынцаў, імаверна, будуць яшчэ доўга.