Плошчу Рэспублікі ў цэнтры Парыжа эвакуіравалі

16 ноября 2015

Прычынай стала петарда, якую прынялі за гукі выстралаў. Пасля таго як усё высветлілі, людзі вярнуліся на плошчу, каб ушанаваць памяць ахвяр пятніцкіх тэрактаў.

Тым часам, у Бельгіі арыштаваныя пяцёра падазроных. Аднаго з саўдзельнікаў аб'явілі ў міжнародны вышук. Гэта 26-гадовы ўраджэнец Бруселя Салах Абдэслам. Два яго браты - Ібрагім і Біляль - узарвалі сябе ля стадыёна "Стат дэ Франс". Французскія спецслужбы паведамілі, што тэрарыст, які выжыў, зараз, верагодна, адправіўся ў Іспанію.

Між тым, расце колькасць ахвяр парыжскай трагедыі. У спісе загінуўшых ужо 132 чалавекі. Па распараджэнні прэзідэнта Франсуа Аланда за найбліжэйшыя тры месяцы ў Францыі будзе дзейнічаць надзвычайнае становішча.

"Мы адзіныя", "Нас не запалохаць", "Будзем памятаць". Сёння людзі працягваюць ісці да месцаў страшных тэрактаў, якія скаланулі французскую сталіцу 13 лістапада. Тут яны пішуць пасланні загінуўшым і іх сем'ям. На вуліцах і на словах жах, злосць, разгубленасць і страх.

"Я адчуваю, што некаторыя жыхары горада ў гневе ад таго, што адбылося. Тых, хто гэта ўчыніў, нельга назваць людзьмі. Я не ведаю, якімі словамі іх апісаць. Няма такіх выразаў. Іх дзеянні і ўчынкі проста неймаверныя".

"Пасля ўсяго, што здарылася, мы сапраўды вельмі баімся, што нас чакае заўтра. Мы баімся адысці адно ад аднаго, таму ўсе мы сабраліся тут. Мы хочам згуртавацца, мы павінны быць адзіныя".

"Мы не будзем здавацца і мы ніколі не здадзімся перад тварам тэрарызму. Мы моцныя і цэнім прынцыпы свабоды, роўнасці і братэрства".

Кветкі, цацкі, флагі і фатаграфіі. З Францыяй трэція суткі смуткуе ўвесь свет. Ля пасольстваў у памяць аб загінуўшых запальваюць свечкі і пакідаюць тысячы букетаў. Выказваюць спагаду французскаму народу людзі розных узростаў і прафесій. Многія пішуць словы падтрымкі ў кнігу спачуванняў. У буйных гарадах па ўсім свеце будынкі і славутасці былі афарбаваныя ў колеры французскага флага.

Пасля тэрактаў у Парыжы G20 у Турцыі не можа праходзіць проста як яшчэ адзін саміт. Кіраўнік Еўрасавета Дональд Туск заявіў, што G20 - гэта добрая пляцоўка для абмеркавання барацьбы з тэрарызмам.

Дональд Туск, старшыня Еўрапейскага савета: "Няма лепшага форуму, на якім можна звярнуцца да пытання барацьбы з фінансаваннем тэрарызму. Тэрарыстычныя сеткі не могуць працаваць без грошай, якія рухаюцца праз фінансавыя сістэмы многіх краін. Толькі з поўным супрацоўніцтвам па абмене інфармацыяй па падазроных транзакцыях у нас будзе магчымасць эфектыўна спыніць гэтую пагрозу".

У сваю чаргу, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер падчас прэс-канферэнцыі на саміце заклікаў краіны ЕС не закрываць свае межы для бежанцаў і не змешваць людзей розных катэгорый.

Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскай камісіі: "Тыя, хто прыбывае ў Еўропу, каб учыняць тэрарыстычныя атакі, - злачынцы, а не бежанцы. Я хачу заклікаць тых, хто спрабуе змяніць парадак дня ў Еўропе па міграцыі, я хачу нагадаць ім: будзьце сур'ёзныя і не паддавайцеся эмоцыям. Я бачу цяжкасці, але не бачу падстаў мяняць падыход".

Па словах кіраўніка Еўракамісіі, шэнген пад пагрозу ставіць не напад ісламістаў у Парыжы, а слабы кантроль на межах.

Аднак пасля найбуйнейшай тэрарыстычнай атакі ў гісторыі Францыі шэраг еўрапейскіх дзяржаў заявіў аб узмацненні пагранічнага кантролю ўнутры Шэнгенскай зоны, але поўнае спыненне дзеяння шэнгенскага пагаднення выключаецца. Зрэшты, яго прынцыпы могуць і перагледзець. Люксембург, які зараз старшынствуе ў Еўрасаюзе, склікае надзвычайны саміт міністраў унутраных спраў і юстыцыі краін ЕС. Пасяджэнне адбудзецца ў гэтую пятніцу.