Першыя пахаванні ахвяраў авіякатастрофы над Сінаем прайшлі ў Расіі

5 ноября 2015

31 кастрычніка трагедыя забрала 224 жыцці. І, як стала вядома нашаму тэлеканалу, гэтай ноччу МНС Расіі даставіць у горад Клічаў Магілёўскай вобласці астанкі беларуса Рамана Серадзінскага. Ён быў пасажырам гэтага злашчаснага рэйса. Яго пахаваюць у пятніцу.

Заўтра Вялікабрытанія пачне вывозіць з Шарм-эль-Шэйха сваіх турыстаў. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Злучанага Каралеўства Філіп Хэманд. Зараз брытанскія эксперты ўзмацнілі меры бяспекі ў аэрапорце і ў саміх самалётах. Паводле слоў палітыка, надзвычайныя меры будуць дзейнічаць на працягу тыдня або 10 дзён да поўнай эвакуацыі падданых.

Нагадаем, улады Егіпта выказалі шкадаванне ў сувязі з рашэннем афіцыйнага Лондана спыніць усе палёты ў Шарм-эль-Шэйх. Егіпецкія чыноўнікі сцвярджаюць, што аэрапорт бяспечны. Раней Вялікабрытанія аб'явіла аб прыпыненні авіясувязі з курортам. На Альбіёне выказалі падазрэнні, што прычынай авіякатастрофы расійскага "Аэробуса А-321" была бомба. І сёння ж да Вялікабрытаніі далучыліся Нідэрланды. Рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх дзяржава прыпыніла да 8 лістапада. Сапраўдную прычыну крушэння расійскага самалёта, магчыма, дапамогуць устанавіць бартавыя самапісцы. Звесткі тэхрэгістратара перадалі на расшыфроўку, а вось маўленчы апынуўся моцна пашкоджаным. Таксама стала вядома, што тэрыторыю над Сінаем будуць аблятаць рэйсы такіх буйных еўрапейскіх авіякампаній, як "Люфтганза" і Air France, да высвятлення прычын катастрофы.