Пентагон пацвердзіў: у Польшчу будуць перакінутыя 12 знішчальнікаў F-16 і 300 салдат ЗША

13 Сакавіка 2014
Пра гэта заявіў прадстаўнік амерыканскага ваеннага ведамства палкоўнік Сціў Уорэн. І хаця польскае Міністэрства абароны сцвярджае, што амерыканскія самалёты і вайскоўцы прыбудуць у рэспубліку з мэтай трэніроўкі, палкоўнік Уорэн не ўтойвае, што рашэнне прынята ў святле апошніх падзей на Украіне, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Расказвае Анатоль Ліпецкі.

Авіятэхніка і ваенны персанал ЗША будуць перакінутыя ў Польшчу з базы ВПС Авіяна ў Італіі. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, пашыраная праграма сумеснай падрыхтоўкі на базе амерыканскага авіяпадраздзялення ў Польшчы накіраваная на адпрацоўку ўзаемадзеяння саюзнікаў па НАТА. У панядзелак савет Паўночнаатлантычнага альянсу прыняў рашэнне пачаць рэгулярныя палёты самалётаў радыёлакацыйнай разведкі AWACS для назірання за сітуацыяй у Крыме і на Украіне.

Размова ідзе не толькі пра ўзмацненне польскай базы. 16 самалётаў-разведчыкаў F-15 накіраваныя ў Літву. Сваіх баявых самалётаў у Літве, Латвіі і Эстоніі няма, таму іх паветраную прастору закліканыя абараняць знішчальнікі краін - удзельніц НАТА. З Германіі і Вялікабрытаніі самалёты AWACS перакінутыя ў Румынію. А ў Чорным моры ў непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі Украіны пачаліся планавыя вучэнні флотаў ЗША, Румыніі і Балгарыі.

У іх бяруць удзел фрэгат Дрызкі балгарскіх ВМС, тры румынскія ваенныя караблі і эскадраны эсмінец ЗША Тракстан. Стартавалі маштабныя тыднёвыя манеўры НАТА на поўначы Нарвегіі, у іх бяруць удзел 16 тысяч салдат з 16-ці краін. Прадстаўнікі альянсу запэўніваюць, што вучэнні былі запланаваныя даўно.

Морцін Хага Люндэ, намеснік начальніка галоўнага аператыўнага штаба Мінабароны Нарвегіі: У вучэннях бяруць удзел нарвежскія F-16, шведскія рэактыўныя знішчальнікі, транспартныя самалёты, у тым ліку тэхніка з Германіі і ЗША. Пастаянная ваенна-марская групоўка нумар адзін дзейнічае побач з узбярэжжам.

І ўсё ж невыпадковая заява міністра замежных спраў Вялікабрытаніі: на вераснёвым саміце НАТА Лондан будзе настойваць на павелічэнні выдаткаў альянсу на абарону менавіта ў сувязі з украінскімі падзеямі, заявіў Уільям Хейг. Цяперашняе практычна рэгулярнае сцягванне натаўскіх войскаў ва ўсходнееўрапейскі рэгіён, упэўненыя эксперты, гэта спроба НАТА павялічыць свой бюджэт за кошт украінскага крызісу. Плюс нядрэнны шанц паскорыць фарміраванне сістэмы ПРА ва Усходняй Еўропе.