Пентагон гатовы пачаць бамбардзіроўку Сірыі

28 августа 2013
Захад рыхтуецца да вайны ў Сірыі, Асад у аблозе, Вайна ў Сірыі непазбежная. З такімі загалоўкамі сёння выйшлі практычна ўсе сусветныя СМІ. І нягледзячы на тое, што ў Дамаску аднавілі сваю работу інспектары ААН, якія расследуюць хімічную атаку, што нібы мела месца, вынікі іх працы ўжо, бадай, нікога не цікавяць. Паводле некаторых звестак, ваенная аперацыя можа пачацца ўжо заўтра.


Расказвае Андрэй Нікалаенка. Пентагон гатовы пачаць бамбіць Сірыю ўжо заўтра, калі будзе прынята адпаведнае рашэнне прэзідэнта Барака Абамы. Пра гэта заявіў міністр абароны ЗША Чак Хэйгел у інтэрв'ю Бі-бі-сі. Хэйгел чарговы раз выказаў упэўненасць, што матэрыялы, якія зараз збіраюць інспектары ААН, абавязкова пацвердзяць, што за хімічную атаку, якая мела месца на мінулым тыдні, нясе адказнасць сірыйскі ўрад.
Чак Хэйгел, міністр абароны ЗША: Я думаю, што гэта ўжо відавочна - хімічная зброя ў Сірыі была прымененая ў адносінах да людзей. Я упэўнены, што высновы экспертаў пакажуць, што гэта былі не мяцежнікі, а ўрадавыя войскі .
Абвінавачанні Белага дома даволі сур'ёзныя. Але прамых доказаў пакуль няма ніякіх. Інспектары ААН па хімзброі толькі сёння пачалі даследаванні ў прыгарадзе Дамаска. Тым не менш, у Белым доме ўпэўненыя, што юрыдычная падстава для інтэрвенцыі ўжо ёсць. Трэба толькі рашэнне.
Джэй Карні, афіцыйны прадстаўнік Белага дома: Хачу падкрэсліць, што варыянты, якія мы разглядаем, не маюць мэты зрынуць сірыйскі рэжым. Гэта ўсяго толькі адказ на відавочнае парушэнне міжнародных нормаў, якія забараняюць выкарыстанне хімічнай зброі.
Мары Харф, афіцыйны прадстаўнік дзярждэпа ЗША: Мы дасягнулі той кропкі, калі прайшло вельмі шмат часу, каб высновы камісіі ААН былі канкрэтнымі. Больш за тое, інспектарам проста небяспечна там знаходзіцца. І мы не хочам, каб рэжым Асада выкарыстоўваў іх для таго, каб цягнуць час і хавацца за іх спінамі.
Пра тое, што ўварванне ў Сірыю практычна непазбежнае, сёння ўжо гавораць усе амерыканскія палітычныя дзеячы. Фактар псіхалагічнага націску ў наяўнасці. Падобнае за апошнія 15 гадоў адбывалася ўжо не раз. Югаславія, Ірак, Лівія. Перад бамбёжкамі заўсёды была шчыльная інфармацыйная атака.
Па-ранейшаму не згодная з меркаваннем амерыканскага боку Расія. У Маскве ўпэўненыя: апошняя хіматака - гэта правакацыя з боку паўстанцаў і заклікаюць заходнія краіны не рабіць паспешных высноў, а тым больш ісці ў абход меркавання ААН.
Пан Гі Мун, Генеральны сакратар ААН: Прымяненне хімічнай зброі якім-небудзь з бакоў было б зверскім парушэннем міжнароднага права. І мы павінны высветліць факты. Група экспертаў ААН зараз знаходзіцца на месцы, каб зрабіць менавіта гэта. Аднак камандзе патрэбны час. Я заклікаю даць свету шанц, даць шанц дыпламатыі, спыніць баявыя дзеянні і пачаць перамовы.
Між тым, асцерагаючыся ўварвання ў Сірыю, краіну пачалі масава пакідаць замежныя грамадзяне. Так, сёння рэйсам МНС Расіі ў Маскву з Латакіі прыбылі 89 чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці. Акрамя расіян, сярод пасажыраў былі 9 грамадзян Беларусі і 5 Украіны.
Адзінае, з чым сёння згодныя ўсе бакі, - гэта тое, што крытычная сітуацыя ў Сірыі можа і зусім перарасці ў маштабную гуманітарную катастрофу. Краіну з пачатку канфлікту пакінулі ўжо звыш паўтара мільёна бежанцаў, і гэтая лічба пастаянна расце. Што адбудзецца ў выніку магчымай поўнамаштабнай ваеннай аперацыі заходніх саюзнікаў, зараз не бярэцца прадказаць ніхто.