Адстаўка гучная, але чаканая

11 апреля 2016

Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк - адзін з галоўных герояў Еўрамайдана - заявіў аб намеры пайсці з пасады кіраўніка ўрада. Яцанюка ўжо даўно абвінавачвалі ў правядзенні вельмі жорсткай сацыяльнай палітыкі і сабатаванні мэтаў рэвалюцыі 2013-га. Апошнім часам да гэтых абвінавачанняў дадаліся чуткі аб карумпаванасці прэм'ера і яго цесных сувязях з украінскімі алігархамі. У выніку мінулай зімой рэйтынг даверу ўраду быў блізкі да нуля. Ці ўдасца заручыцца падтрымкай грамадзян новаму прэм'еру, і ці варта ўкраінцам чакаць змяненняў да лепшага, раскажа Юрый Казлоў.

Палітычная кар'ера Арсенія Яцанюка пачалася 15 гадоў таму. Ён працаваў міністрам эканомікі Крыма, узначальваў Мінэканомікі краіны, зусім нядоўга - менш чым год - кіраваў знешнепалітычным ведамствам, быў спікерам Рады. У 2013-м палітык стаў адной з галоўных дзеючых асоб Еўрамайдана. Яцанюк займаўся каардынацыяй пратэсных акцый, сустракаўся з заходнімі лідарамі. Менавіта з трыбуны Майдана яго вылучылі на прэм'ерскую пасаду. Чакалася, што палітык узначаліць урад тэхнакратаў, які правядзе неабходныя Украіне эканамічныя рэформы і выведзе краіну з крызісу. Прэм'ер, зрэшты, ужо тады здагадваўся і наконт сваёй будучыні, і наконт лёсу ўсяго Кабміна.

Пасля Майдана Украіна аказалася сам-насам са сваімі праблемамі. Грыўня пайшла ў піке, грошай у казне не было наогул. Заходнія саюзнікі аказваць дапамогу не спяшаліся. Разгараўся канфлікт на ўсходзе краіны. Рэформы, якія ў такой сітуацыі праводзіў урад Яцанюка, насельніцтвам, мякка кажучы, не віталіся. Але людзі думалі, што праз некалькі гадоў дэвальвацыя, рост тарыфаў ЖКГ, а таксама скарачэнне пенсій і павелічэнне падаткаў аслабяць націск на бюджэт, і жыць у краіне стане лепш. Некалькі гадоў прайшло, але жорсткія рэформы не прынеслі плёну.

Курс грыўні замёр у рэкордна нізкай адзнацы - 25 за долар, інфляцыя па выніках 2015-га склала 49 працэнтаў (гэта перадапошняе месца ў свеце, паводле звестак штогадовага рэйтынгу ЦРУ). ВУП прасеў на 11 працэнтаў (гэта таксама адзін самых нізкіх паказчыкаў у свеце). Яцанюк, між тым, аказаўся фігурантам некалькіх гучных скандалаў, звязаных з аб'яўленай у краіне маштабнай прыватызацыяй. Летась у снежні кіраўнік Адэскай аблдзяржадміністрацыі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што прэм'ер датычны да карупцыйнай схемы, з-за якой міма бюджэту Украіны штогод праходзіць каля 5 мільярдаў долараў. Пазней на карумпаванасць кіраўніка ўрада і яго сувязь з буйнымі алігархамі намякнуў міністр эканамічнага развіцця і гандлю Айварас Абрамавічус.

Аб намеры пайсці ў адстаўку Арсеній Яцанюк заявіў напярэдадні, аднак гэтая навіна ні для каго не стала сюрпрызам. Прэм'ера ўжо спрабавалі паціху "сыйсці" ўзімку, але тады Рада не змагла набраць дастатковай колькасці галасоў для вынясення ўраду вотуму недаверу - падчас галасавання частка народных выбраннікаў дэманстрацыйна пакінула залу. Пазней дэпутаты "Блока Пятра Парашэнкі" назвалі дэмарш "змовай прадстаўнікоў уладнай і алігархічнай эліты". Сам Яцанюк довады апанентаў абверг і абвінаваціў праціўнікаў у інтрыгах.

Арсеній Яцанюк, Прэм'ер-міністр Украіны: "Палітычны крызіс у дзяржаве развязаны штучна, жаданне замяніць аднаго чалавека асляпіла палітыкаў і паралізавала іх волю да рэальных змяненняў у краіне, працэс змены ўрада ператварыўся ў бяздумны бег на месцы. Аўтары крызісу сталі заложнікамі акалічнасцяў, зрабілі заложнікамі ўсіх нас: урад, грамадства, дзяржаву".

Чакаецца, што ўжо заўтра за адстаўку Яцанюка прагаласуе Вярхоўная рада. Зараз парламенцкія фракцыі вядуць кансультацыі па фарміраванні новай кааліцыі і ўрада. Галоўны кандыдат на прэм'ерскую пасаду - спікер парламента Уладзімір Гройсман. Яго Кабмін, магчыма, крыху змякчыць жорсткую сацыяльную палітыку для павышэння рэйтынгаў, але нейкіх кардынальных змяненняў у палітыцы краіны ад Гройсмана аналітыкі не чакаюць. Адстаўка Яцанюка можа крыху павысіць узровень даверу грамадзян да прэзідэнта і ўрада, лічаць эксперты, але ёсць і адваротны бок медаля. Цяперашні прэм'ер часта выступаў у ролі хлопчыка для біцця. Менавіта яго, як правіла, абвінавачвалі ва ўсіх бедах краіны. Зараз адказнасць за эканамічны крызіс, праваленую барацьбу з карупцыяй і нават за галандскі рэферэндум, вынкі якога паказалі, што Украіну не жадаюць бачыць у ЕС, будзе ляжаць на плячах тых, хто застаўся ва ўладзе.