Асуджаных за тэракты, магчыма, будуць пазбаўляць французскага грамадзянства

23 декабря 2015

Урад Францыі настойвае на ўнясенні неабходных змяненняў у Канстытуцыю краіны. У прыватнасці, асуджаных за тэракты, магчыма, будуць пазбаўляць французскага грамадзянства. З адпаведным заклікам звярнуўся да парламентарыяў французскі прэм'ер Мануэль Вальс. Праект закона "Аб абароне краіны" ўрад вынес на разгляд дзвюх палат парламента.

Мануэль Вальс, Прэм'ер-міністр Францыі: "Неабходна ўнесці ў Канстытуцыю пункт аб надзвычайным становішчы. Дэбаты па прадстаўленым урадам праекце пачнуцца ў Нацыянальным сходзе 3 лютага. Мы вымушаны супрацьстаяць сітуацыі вайны. Колькасць тых, хто накіраваўся з тэрыторыі Францыі ў Сірыю і Ірак для ўдзелу ў баявых групоўках, перавысіла адну тысячу. З іх 148 загінулі, а 250 вярнуліся ў Францыю".

Французская паліцыя напярэдадні прадухіліла тэракт у Арлеане. Паводле слоў кіраўніка МУС Бернара Казнёва, сілавікі затрымалі двух зламыснікаў. Ім прад'яўлены абвінавачанні. Напярэдадні калядных свят у краіне ўзмоцнены меры бяспекі. Сёлета ўлады вырашылі адмовіцца ад масавых гулянняў, пад забарону трапілі петарды. Пад узмоцненай аховай усе цэрквы і саборы.

А ў Сіднэі арыштаваны двое мужчын. Іх падазраюць у падрыхтоўцы серыі тэрактаў. Адзін з іх француз, ён ужо дэпартаваны з Аўстраліі. Акрамя таго, у паліцыі паведамілі, што злавілі двух прыхільнікаў радыкальнай групоўкі "Ісламская дзяржава".