"Оскар" упершыню ў сваёй кар'еры атрымаў Леанарда Дзі Капрыа

29 февраля 2016

Гэту падзею сапраўды чакаў увесь свет. Галоўныя артысты Галівуда, бліскучы тэатр "Долбі" і раскошныя ўборы, а яшчэ слёзы радасці і словы падзякі на сцэне. У Лос-Анджэлесе сталі вядомыя імёны ўсіх уладальнікаў самай прэстыжнай кінапрэміі ЗША "Оскар". Інтрыга захоўвалася да апошняга. І, вядома, самай чаканай сёлета стала намінацыя "Лепшы акцёр". Гэта адбылося - "Оскар" упершыню ў сваёй кар'еры атрымаў Леанарда Дзі Капрыа. Самыя цікавыя моманты цырымоніі - як гэта было - у аглядзе Юліі Табалевіч.

Браян Крэнстан, Майкл Фасбендэр, Эдзі Рэдмейн, Мэт Дэйман. Імёны акцёраў гучныя, іх працы вялікія, але сумненняў практычна не было - заслужаным уладальнікам узнагароды сёлета ў намінацыі "Лепшы акцёр" стане Леанарда Дзі Капрыа. Шэсць разоў акадэмікі намінавалі яго на галоўную кінапрэмію прэмію ЗША. Нарэшце, адбылося! Ён выжыў і перамог! Зала вітала новаспечанага оскараносца стоячы.

Леанарда Дзі Капрыа, акцёр: "Дзякуй вам усім, дзякуй кінаакадэміі, цудоўнай камандзе. Гэта была цяжкая праца, дзякуй Тому Хардзі, дзякуй усім за падтрымку. Асобна дзякую Іньярыту, гэта праца ўвойдзе ў гісторыю. Дзякуй камандзе, што зрабілі гэты фільм".

У стужкі "Які выжыў", уключаючы гэту, тры "Оскары". Алехандра Іньярыту атрымаў "Оскар" як лепшы рэжысёр, а Эмануэль Любецкі як лепшы аператар. Супрацоўніцтва з рэжысёрам Алехандра Гансалесам Іньярыту прыносіць Любецкі ўзнагароду ўжо трэці год запар.

Алехандра Іньярыту, рэжысёр: "Я дзякую ад усяго сэрца табе, Леа. Ты выжыў. За душу, якую ты ўклаў. За тваё сэрца".

"Які выжыў" здымалі ўсяго 80 дзён. Ніякіх павільёнаў - усё максімальна рэалістычна, у тым ліку і страшэнны холад. Вегетарыянец Дзі Капрыа так ужыўся ў вобраз, што ў сцэнах, дзе яго герой забівае бізона, насамрэч еў сырое мяса.

А гэта ўжо сюрпрыз цырымоніі. Карціна Тома МакКарці "У цэнтры ўвагі" атрымала "Оскар" як лепшы фільм. У аснову стужкі легла журналісцкае расследаванне сексуальных злачынстваў у каталіцкай царкве. Уся драматургія засноўваецца не на сюжэтных паваротах, а на дыялогах.

Па колькасці статуэтак лідарам стаў "Звар'яцелы Макс", у яго 6 узнагарод, аднак усе ў другарадных, тэхнічных намінацыях. У намінацыі "Лепшая актрыса" чакана статуэтку атрымала 26-гадовая Бры Ларсан. Яна выканала галоўную ролю ў фільме "Пакой". Яна абышла ў гэтай намінацыі Джэніфер Лоўрэнс, Шарлот Рэмплінг і Кейт Бланшэт. У акцёрскіх катэгорыях другога плана адзначаныя акцёры, якіх, як і Бры Ларсан, вядомымі пакуль не назавеш. Шведку Алісію Вікандэр узнагародзілі за ролю ў рэтра-драме "Дзяўчына з Даніі". А "Оскар" за лепшую мужчынскую ролю другога плана атрымаў не Сільвестр Сталоне, як многія чакалі, а Марк Рэйленс, які сыграў савецкага разведчыка ў фільме Стывена Спілберга "Шпіёнскі мост".

Алісія Вікандэр, актрыса: "Я думаю, што ўсе мы - тыя, хто намінаваны, і тыя, хто проста запрошаны на цырымонію, з'яўляемся пераможцамі. Мы тут у першую чаргу для таго, каб добра правесці час".

87-гадовы італьянскі кампазітар Эніа Марыконе ўдастоены ўзнагароды кінаакадэміі ЗША "Оскар" за музыку да фільма Квенціна Таранціна "Агідная васьмёрка". У катэгорыі "Лепшы саўндтрэк" атрымаў статуэтку Сэм Сміт з песняй Writing's On The Wall да апошняй часткі бандзіяны, карціне "007: Спектр". Дэбют венгерскага пастаноўшчыка Ласла Нэмэша атрымаў мноства станоўчых водзываў яшчэ на Канскім кінафестывалі.

На "Оскара" "Сын Саула" ўдастоены ўзнагароды як "Лепшы замежны фільм". Фільм - спроба адказаць на пытанне: ці можна застацца чалавекам у нечалавечых умовах? Гэта драма аб вязні Аўшвіца-Біркенау, які з'яўляецца членам зондаркаманды і працуе ў крэматорыі канцлагера.

Ласла Немеш, рэжысёр: "Мы ніколі і не думалі, што выберуць нас. Нават не маглі марыць аб такім. Так, мы імкнуліся быць амбіцыйнымі, наколькі гэта магчыма, але мы не імкнуліся менавіта да ўзнагароды. Аб гэтым не задумваешся, ствараючы стужку, таму што прэміі займаюць не першае месца. Аднак перамога на "Оскары" будзе гаварыць аб тым, што фільм сапраўды не застанецца незаўважаным, ім зацікавяцца гледачы з самых розных куткоў планеты. Гэта важна".

Такім чынам, 88 "Оскар-2016" набыў гаспадароў. Аб тым, наколькі ўзнагароды заслужаныя, модныя крытыкі будуць яшчэ спрачацца доўга. Цырымонія атрымалася кранальнай, вясёлай і, бадай, самай прадказальнай. Прайшла, як звычайна, з размахам: эфектныя ўборы, ззянне брыльянтаў, успышкі фотакамер і асляпляльныя ўсмешкі знакамітасцяў.

Ну, а запомніцца гэта цырымонія, першым чынам, трыумфам Леанарда Дзі Капрыа. Яго прыхільнікі, здаецца, чакалі гэту ўзнагароду, нават больш, чым ён сам. Пасля таго як ён атрымаў "Оскар", у Інтэрнэце ўсяго за хвіліну яго павіншавалі амаль паўмільёна прыхільнікаў.

Пасля цырымоніі ўручэння галоўнай кінаўзнагароды года намінанты і пераможцы, паводле традыцыі, адправіліся на Губернатарскі баль - афіцыйнае афтэпаці "Оскара". У галівудскім меню - свежыя лобстары , каралеўскія крабы, а таксама закрыты курыны пірог з чорным труфелем, макаронамі і сырам. І вядома ж, шампанскае за пераможцаў. Уявіць без гэтага "Оскар" і Галівуд немагчыма.