91-я цырымонія ўручэння прэміі "Оскар" прайшла ў Лос-Анджэлесе. Фільмам года, паводле версіі кінаакадэміі ЗША, стала карціна "Зялёная кніга" Пітэра Фарэлі. Статуэтку за лепшую рэжысуру атрымаў Альфонса Куарон, які зняў стужку "Рома". Лепшай актрысай года назвалі Алівію Колман за фільм "Фаварытка". У катэгорыі "Лепшы акцёр" перамог Рамі Малек, які сыграў Фрэдзі Мерк’юры ў фільме "Багемская рапсодыя". Для 37-гадовага акцёра гэта была першая намінацыя на "Оскар" у кар'еры.
Спускаючыся са сцэны па прыступках, Малек, відаць, ад хвалявання не ўтрымаўся на нагах і ўпаў. На шчасце, акцёр не пацярпеў і прадоўжыў адзначаць свой поспех разам з калегамі.
Па традыцыі ўвагу грамадскасці прыцягнулі яркія ўборы зорак Галівуда. Але ўразіў усіх спявак і акцёр Білі Портэр - ён прыбраўся ў аксамітавую сукенку-смокінг.













