ААН можа спыніць праграму гуманітарнай дапамогі жыхарам Данбаса

31 марта 2015

Гэта звязана з недахопам фінансавання. У дакладзе гаворыцца, што атрымана толькі 16% неабходных сёлета сродкаў. Гэта пяцьдзясят мільёнаў долараў. Паводле звестак ААН, у харчовай дапамозе ў пацярпелым ад баявых дзеянняў рэгіёне маюць патрэбу 80 000 чалавек. А колькасць перасяленцаў з Данбаса, якім неабходна падтрымка, дасягнула мільёна. Як паведамляецца ў новым дакладзе арганізацыі, з сярэдзіны красавіка мінулага года на ўсходзе Украіны загінулі 6 083 чалавекі, звыш 15 000 атрымалі раненні. ААН занепакоеная ростам колькасці ахвяраў падчас дзеяння цяперашняга перамір'я: 11 загінуўшых і больш за паўсотні параненых толькі за мінулы тыдзень.

Паміж тым кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што краіны Еўрасаюза падчас правядзення саміта "Усходняга партнёрства" ў Рызе не плануюць уводзіць бязвізавы рэжым з Украінай. Паводле яго слоў, Кіеў можа разлічваць толькі на лібералізацыю візавага рэжыму. Расследаванне падзей на Майдане з лістапада 2013 года па люты мінулага года, праведзенае Кіевам, не задаволіла Савет Еўропы. З такой заявай выступіў старшыня кансультатыўнай групы Савета Еўропы па Украіне Нікалас Братц. У справаздачы змяшчаецца цэлы шэраг крытычных заўваг і ўказанняў на адсутнасць эфектыўнасці расследавання. Еўрапейскія эксперты лічаць, што ніякага прагрэсу ў справе няма.