Афіцыйна прычыны крушэння "Боінга-737 МАХ-8" пакуль не называюць

11 марта 2019

На месцы крушэння "Боінга-737 МАХ-8", які разбіўся ў нядзелю ў Эфіопіі, знойдзены два бартавыя самапісцы. Сёння ў краіне дзень жалобы па тых, хто загінуў. Спачуванне прэзідэнту Эфіопіі, словы падтрымкі родным і блізкім загінуўшых выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, 10 сакавіка борт выконваў рэйс з Адыс-Абебы ў Найробі. Самалёт, як паведамляецца, упаў праз 6 хвілін пасля ўзлёту. Ніхто не выжыў. Авіякатастрофа забрала жыцці 157 чалавек. Сярод іх  супрацоўнікі ААН. 

Антоніу Гутэрэш, Генеральны сакратар ААН: "Гэта сапраўды сумны дзень для многх людзей ва ўсім свеце, і ў прыватнасці для ААН. Учарашняя жудасная авіякатастрофа ў Эфіопіі забрала жыцці ўсіх, хто знаходзіўся на борце. Сярод іх мае калегі - 21 чалавек. Магчыма, іх больш. Загінулі і тыя, хто цесна супрацоўнічаў з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. Глабальная трагедыя ўдарыла блізка ля дома, і ААН аб'ядналася ў горы. Я выказваю мае глыбокія спачуванні сем'ям і блізкім усіх ахвяр авіякатастрофы, уладам Эфіопіі, усім тым, каго так ці інакш закранула гэтая трагедыя".

Афіцыйна прычыны крушэння борта пакуль не называюць. На месцы трагедыі ідуць пошукавыя работы. Многія эксперты не выключаюць, што ў палёце ўзніклі праблемы з гарызантальным стабілізатарам. У гэтай сітуацыі пілоты не могуць справіцца з аўтаматычнай сістэмай, якая прадухіляе задзіранне носа самалёта. Як вынік - зрыў у штопар. Менавіта гэта адбылося з "Боінгам-737 МАХ-8" у Інданезіі мінулай восенню. Часова прыпынілі эксплуатацыю "боінгаў" чацвёртага пакалення такія краіны, як Кітай, Манголія і Інданезія.