АБСЕ настойліва заклікае бакі канфлікту на ўсходзе Украіны выконваць рэжым поўнага спынення агню

12 марта 2020
Позна вечарам падвяла вынікі чарговага пасяджэння трохбаковая кантактная група ў Мінску. Спецпрадстаўнік арганізацыі Хайдзі Грау заявіла, што за апошнія два тыдні зафіксавана значнае павелічэнне колькасці ахвяр супрацьстаяння ў Данбасе. 

Хайдзі Грау, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Нараўне з пошукам мірных шляхоў вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны бяспека грамадзянскага насельніцтва з'яўляецца адной з прыярытэтных задач ТКГ. У гэтай сувязі апошнім часам выклікае трывогу рост напружанасці на лініі сутыкнення і значнае павелічэнне колькасці ахвяр. Так, за апошнія два тыдні іх колькасць дасягнула 9, што складае больш як 1/3 грамадзянскіх ахвяр сёлета. Гэта недапушчальна. Таму яшчэ раз настойліва заклікаю бакі выконваць абавязацельствы аб прыхільнасці да поўнага спынення агню". 

Удзельнікі сустрэчы дамовіліся на працягу тыдня прадставіць свае пазіцыі з азначэннем дадатковых участкаў развядзення сіл і сродкаў. Надалі ўвагу пытанню абмену палоннымі. Бакі ўжо ў найбліжэйшы час пададуць спісы асоб, якія ўтрымліваюцца. Канчаткова ўзгадніць іх плануецца на працягу двух тыдняў.