Выяўлена месца падзення самалёта A-320 авіякампаніі EgyptAir

19 мая 2016

Як паведаміў AFP крыніца ў аэрапорце Грэцыі, самалёт разбіўся непадалёк ад грэчаскага вострава Карпатас.

Аэробус А-320, які належыў кампаніі EgyptAir, зваліўся ў Міжземнае мора. Пра гэта паведамляе агенцтва "Рэйтэр" са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Егіпце. Як стала вядома, пілот паспеў перад крушэннем падаць сігнал бедства. Гэта распавялі прадстаўнікі егіпецкага Міністэрства цывільнай авіяцыі. Борт выконваў рэйс Парыж - Каір. На ім ляцелі 15 грамадзян Францыі, а таксама 30 егіпцян. Былі сярод пасажыраў таксама грамадзяне Вялікабрытаніі, Бельгіі, Ірака, Кувейта, Саудаўскай Аравіі, Чада, Судана, Партугаліі, Алжыра і Канады.

Расказвае Аляксандра Пінчук.

Аэробус А-320 вылецеў з парыжскага аэрапорта позна ўвечар у сераду. Паводле раскладу, борт павінен быў здзейсніць пасадку ў егіпецкай сталіцы ў чацвер раніцай. Але за 15 хвілін да пасадкі сувязь з самалётам спынілася. Паводле слоў экспертаў, у гэты момант лайнер знаходзіўся на вышыні 11 кіламетраў 200 метраў над Міжземным морам.

Ваенная авіяцыя Егіпта і Грэцыі зараз вядзе пошукі самалёта. У раён меркаванага крушэння адпраўлены і ваенны фрэгат, а грэчаскія афіцыйныя асобы паралельна расследуюць паведамленні, якія паступілі ад мясцовых жыхароў пра тое, што яны бачылі вогненны шар у небе. Эксперты расследуюць заяву капітана грэчаскага гандлёвага судна пра тое, што ён бачыў полымя ў небе ў раёне вострава Карпатас.

Сваякі пасажыраў збіраюцца ў будынку паветранай гавані Руасі ў Парыжы. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд раніцай правёў гутарку з прэзідэнтам Егіпта Ас-Сісі. Бакі заявілі пра гатовасць да цеснага супрацоўніцтва падчас расследаванняў інцыдэнту. У 8 гадзін 30 хвілін у Парыжы Аланд сабраў пасяджэнне кабінета. У аэрапорце Руасі створаны крызісны цэнтр.

Жан-Марк Эро, міністр замежных спраў Францыі: "Францыя гатовая накіраваць лодкі і самалёты, каб дапамагчы ў пошуках. Неабходна ўсё зрабіць, каб знайсці самалёт, таму мы знаходзімся ў цесным кантакце з егіпецкімі ўладамі".

Самалёт быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2003 годзе. Вядома, што камандзір карабля Мухамед Саід Алі Шакыр, 1980 года нараджэння, налётаў 6 275 гадзін, у тым ліку звыш двух тысяч гадзін - на аэробусе А-320. У другога пілота - амаль 3 000 гадзін. Зараз вядзецца збор інфармацыі пра тэхнічны стан самалёта.