Абломкі Airbusa авіякампаніі EgyptAir, а таксама багаж і фрагмент цела пасажыра выявілі ў Міжземным моры. Пра гэта паведамляе ўрад Грэцыі.
Дэталі самалёта знайшлі амаль за 290 кіламетраў ад горада Александрыя. Паводле слоў вайскоўцаў, вывучаць усё знойдзенае ў найбліжэйшы час пачнуць эксперты з Егіпта, Францыі і Вялікабрытаніі, а таксама супрацоўнікі кампаніі-вытворцы самалёта Airbus.
На борце самалёта было 66 чалавек, 56 пасажыраў. Гэта грамадзяне Егіпта, Францыі, Вялікабрытаніі і яшчэ 9 дзяржаў. Як адзначыў міністр грамадзянскай авіяцыі Егіпта, з усіх магчымых прычын катастрофы самая імаверная пакуль версія тэракта. Аднак і іншыя варыянты не выключаюцца. Ні адна з джыхадысцкіх груповак дагэтуль не заявіла аб адказнасці за катастрофу.













