Вірус "Пеця" атакаваў камп'ютары карыстальнікаў з Еўропы. Пра кібератаку ўжо заявілі кампаніі з Вялікабрытаніі, Нідэрланд, Францыі, Іспаніі і Індыі. Эксперты гавораць, што "Пеця" - вірус-вымагальнік - мадыфікацыя Wanna Cry, які ўразіў кіберпрастору вясной.
Раней аб атацы паведамілі ўлады Украіны. Там праграма паразіла камп'ютары шэрагу банкаў, Кабінета міністраў, аэрапорта Барыспаль, Укрэнерга, кіеўскага вадаканала і пошты.
Пра такую ж атаку паведамляюць і СМІ Расіі, дзе "Пеця" паразіў буйныя нафтавыя кампаніі. Мяркуючы па постах у сацыяльных сетках, адзінкавыя выпадкі заражэння ёсць і ў нашай краіне. Вірус-вымагальнік шыфруе даныя на цвёрдым дыску і патрабуе выкуп некалькі соцень долараў за іх дэшыфрацыю. Ці ёсць лекі ад "Пеці", пакуль невядома. У выпадку з Wanna Cry, нагадаем, найлепшай прафілактыкай было своечасовае абнаўленне сістэмы і антывірусных баз.













