Навіны з усходніх рэгіёнаў Украіны сёння больш нагадваюць ваенныя зводкі

28 апреля 2014
Трывожныя паведамленні па-ранейшаму паступаюць з Данецкай, Луганскай і зараз ужо Харкаўскай абласцей, дзе пасля вулічных беспарадкаў з вялікай колькасцю пацярпелых учынены замах на мэра горада. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне, за яго жыццё змагаюцца ўрачы.

Эпіцэнтрам супраціўлення прыхільнікаў федэралізацыі кіеўскім уладам застаецца Данецкая вобласць. Напярэдадні ў самім Данецку пратэстанты ўзялі штурмам мясцовы тэлевізійны цэнтр. Адно з галоўных патрабаванняў было аднавіць трансляцыю расійскіх тэлеканалаў. Пасля таго як у сетку вяшчання вярнуўся, прынамсі, адзін з іх, дэманстранты пакінулі тэлецэнтр і вярнуліся на вуліцу.

Перастрэлка гэтай раніцай адбылася ў Краматорску, у раёне аэрапорта, аб пацярпелых або загінуўшых не паведамляецца. Яшчэ адно боесутыкненне мінулай ноччу зафіксавана на адным з блокпастоў прыхільнікаў федэралізацыі каля Славянска, які вось ужо некалькі дзён знаходзіцца ў шчыльным кольцы ўкраінскіх сіл бяспекі. Са слоў апалчэнцаў, імі была адбітая атака дыверсійнай групы, якая панесла страты.


У самім жа Славянску вызвалілі аднаго з затрыманых ваенных назіральнікаў АБСЕ. Ім стаў грамадзянін Швецыі, які хварэе на дыябет. 25 красавіка прыхільнікі федэралізацыі спынілі на адным з блокпастоў аўтобус місіі АБСЕ. Членаў ваеннай місіі апалчэнцы западозрылі ў шпіянажы. Група з 11 чалавек была затрыманая.

Трывожныя паведамленні прыходзяць сёння з Харкава. Па меншай меры 14 чалавек пацярпелі тут у выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі федэралізацыі. Сутыкненні ўзніклі паміж футбольнымі фанатамі, якія праводзілі марш за адзіную Украіну і па-прарасійску настроенымі актывістамі. У ход пайшлі палкі, камяні і нават агнястрэльная зброя.

Праз некалькі гадзін з пазнакай тэрмінова з Харкава прыходзіць паведамленне аб замаху на мясцовага мэра Генадзя Кернеса, які атрымаў агнястрэльнае раненне ў спіну ў адным з мясцовых паркаў, дзе катаўся на веласіпедзе. За жыццё горадакіраўніка змагаюцца медыкі. На месцы замаху следча-аператыўнай групай былі выяўленыя самаробнае выбухное прыстасаванне і гільза, меркавана, ад снайперскай вінтоўкі.

Яшчэ адзін цэнтр супраціўлення кіеўскім уладам - Луганск. Тут на мітынгу прыхільнікі федэралізацыі па прыкладзе суседняй Данецкай вобласці абвясцілі аб стварэнні Луганскай народнай рэспублікі. На 11 мая ў рэгіёне запланаваны рэферэндум. У ліку патрабаванняў, апроч плебісцыту, - прызнанне рускай мовы дзяржаўнай і амніставанне ўсіх праціўнікаў новых кіеўскіх улад.

У Кіеве ж в.а. украінскага прэзідэнта Аляксандр Турчынаў сёння падпісаў закон Аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян і прававога рэжыму на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Гэты дакумент, прыняты Вярхоўнай радай яшчэ 15 красавіка, устанаўлівае, што Крым і Севастопаль, якія сталі нядаўна новымі рэгіёнамі Расіі, прызнаюцца часова акупаванай тэрыторыяй.