Навіны з Брытаніі прывялі да значнага падзення індэксаў на сусветных біржах

24 июня 2016

За ноч падчас падліку галасоў рынкі хістануліся з адной крайнасці ў другую.

Напрыклад, брытанскі фунт спачатку вырас на 1 %, калі першыя звесткі паказвалі на паражэнне лагера Brexit, але затым упаў амаль на 10 %, калі стаў ясны сенсацыйны вынік. У выніку, паводле апошніх звестак, фунт стэрлінга абваліўся да мінімуму за 30 гадоў. Курс брытанскай валюты да долара знізіўся больш як на 11 %. Такая ж сітуацыя і з еўра - ён упаў амаль на 4 % у адносінах да амерыканскай валюты.

У сярэднім рынкі развітых краін страчваюць 8-9%. Пайшлі ўніз і азіяцкія індэксы. Адрэагавала на жаданне Брытаніі выйсці са складу ЕС і нафта. Сусветныя цэны на чорнае золата сёння раніцай апусціліся больш як на 6 %. Марка Brent таннела на працягу ўсёй ночы па меры паступлення звестак аб лідарстве прыхільнікаў Brеxit.

На гэтым фоне беларускі рубель умацаваў свае пазіцыі да еўра. Так, еўрапейская валюта патаннела і зараз каштуе 22 225 беларускіх рублёў. Долар, насупраць, вырас, зараз ён - 20 157. Расійская валюта змянілася нязначна - 307 беларускіх рублёў.