Новы ўрад ва Украіне

17 апреля 2016

Зараз пра Украіну, якую не пакідаюць палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні. Падзея гэтага тыдня: Вярхоўная рада пагадзілася на адстаўку прэм'ер-міністра і аднаго з бацькоў-заснавальнікаў паслямайданнай Украіны Арсенія Яцанюка. "Сысці" кіраўніка Кабінета Міністраў спрабавалі з лютага. Афіцыйна ад незадаволенасці працай урада, якую выказалі прэзідэнт і народ: рэйтынг Яцанюка апошні час вагаўся ў раёне нуль цэлых нуль дзясятых. Неафіцыйна ж прычынай адстаўкі стала карумпаванасць вышэйшых эшалонаў улады. Нагадаем, на хвалі барацьбы з ёй здарыўся чарговай Майдан. У віну ўраду Яцанюка ставяць таксама зацяжныя рэформы, у ахвяру якім прэм'ер-міністр прынёс самае простае з таго, што мог, - сацыяльную сферу.

Новым прэм'ерам прызначаны спікер Рады, былы мэр Вінніцы Уладзімір Гройсман - ва Украіне яго завуць чалавекам Парашэнкі. Зрэшты, яшчэ да афіцыйнага прызначэння Гройсман паспеў паказаць сваю незалежнасць, калі ўчыніў гандаль пры размеркаванні міністэрскіх партфеляў. Дарэчы, захаваць гэтыя самыя партфелі атрымалася сямі міністрам, у іх ліку кіраўнікі МЗС, МУС і Мінабароны. Новым спікерам парламента прызначаны Андрэй Парубій - былы камендант Еўрамайдана. Чаго чакаць ад новага Кабінета Міністраў, пакуль сказаць складана. Эксперты лічаць, што Украіна ўзмацніць спробы збліжэння з Еўрасаюзам. А вось падтрыманне партнёрскіх адносін з МВФ і праблемы мірнага ўрэгулявання на ўсходзе могуць адысці на другі план.