Новая бальніца ва Ухані сёння прыме першых пацыентаў

3 февраля 2020
Сёння бальніца ва Ухані прыме першых пацыентаў. Яе пабудавалі за рэкордныя тэрміны - усяго за 8 дзён. Тым часам у Кітаі каранавірусам заражаныя ўжо 17 тысяч чалавек. Агульная колькасць ахвяр - больш як 360.

Расце колькасць захварэўшых на каранавірус за межамі Кітая

Пнеўманія новага тыпу выяўлена ў 24 краінах. Большасць у Японіі, там інфіцыраваныя 20 чалавек. А таксама ў Сінгапуры, Паўднёвай Карэі і Тайландзе. Дарэчы, тайскія медыкі сцвярджаюць, што стварылі камбінацыю лекаў для лячэння каранавіруса. Гэта прэпараты супраць СНІДу і сродкі ад грыпу - яны дапамаглі за 48 гадзін вылечыць пацыентку.
 

У Кітаі ізалявалі яшчэ адзін буйны горад

З-за эпідэміі ў Паднябеснай на каранцін закрылі яшчэ адзін буйны горад - Вэньчжоу. Ён знаходзіцца за 800 кіламетраў ад эпіцэнтра эпідэміі - Ухані. Зараз там не працуе грамадскі транспарт, кінатэатры і музеі.

Таргі на біржах Кітая пачаліся з абвалу каціровак

Ударыў вірус і па фінансавым сектары. Таргі на біржах Шанхая і Шэньчжэня адкрыліся абвалам асноўных індэксаў больш як на 8 працэнтаў. Эксперты сцвярджаюць, у выпадку паступлення інфармацыі аб новых смерцях ад каранавіруса, націск на фондавыя пляцоўкі непазбежна працягнецца.