Уздоўж узбярэжжа Лацінскай Амерыкі сёння ўвесь дзень ідзе масавая эвакуацыя. Ноччу ў Чылі адбылося магутнае землетрасенне. Апошнія звесткі гавораць як мінімум аб шасці загінуўшых. Колькасць параненых пакуль дакладна невядомая. Чылі трасе даволі часта, аднак на гэты раз магнітуда склала 8,2, што значна мацней, чым звычайна. Ачаг землетрасення знаходзіўся ў Ціхім акіяне за 86 кіламетраў на паўночны захад ад партовага горада Ікіке. І адразу пасля штуршкоў на краіну абрынулася хваля цунамі вышынёй два метры. Рэгіён і зараз скалынаюць магутныя афтэршокі.
Юлія Табалевіч сочыць за сітуацыяй. Самы цяжкі ўдар прыняў на сябе невялікі партовы гарадок Ікіке.
Наконт сілы падземных штуршкоў можна меркаваць па кадрах, знятых камерай назірання ў адным з магазінаў. Будынак у літаральным сэнсе захадзіў ходырам, падала мэбля.
Відавочцы расказваюць, што трэсла каля хвіліны. Як толькі ўсё сціхла, людзі пачалі выбягаць на вуліцу, асцерагаючыся, што землетрасенне пачнецца зноў. Панікі не было, але ўсе сталі тэрмінова тэлефанаваць родным і блізкім, даведвацца, ці ўсе жывыя. У насельніцтва яшчэ свежыя ўспаміны аб разбуральным чылійскім землетрасенні 2010 года, калі катастрофа забрала сотні жыццяў.
З узбярэжных раёнаў прыйшлося спешна эвакуіраваць амаль мільён чалавек. Ваганні зямной кары адчуваліся таксама ў суседніх Перу і Балівіі.
Землетрасенне адбылося амаль апоўначы, ратавальнікам цяжка было ацаніць маштаб разбурэнняў у абясточаных гарадах. Зараз першарадная задача - расчысціць дарогі. Многія з іх заблакіраваныя з-за апоўзняў. Сумятнёй скарысталіся і мясцовыя зняволеныя. З турмы Ікіке збеглі каля трохсот чалавек. Трагічныя акалічнасці, зрэшты, не перашкодзілі тым, без каго рэдка абыходзяцца стыхійныя бедствы. У некаторых населеных пунктах адзначаныя выпадкі марадзёрства. У найбольш пацярпелых раёнах адмененыя заняткі ў школах, а ў аэрапортах - рэйсы.
Мішэль Бачэлет, прэзідэнт Чылі: Я бы хацела папрасіць жыхароў закранутых стыхіяй рэгіёнаў захоўваць спакой, выконваць інструкцыі ўладаў і рабіць усё магчымае для гарантавання бяспекі людзей і іх сем'яў.
Пасля землетрасення аб магчымасці цунамі было аб'яўлена па ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы Лацінскай Амерыкі аж да Гаваяў.
Хвалі вышынёй да метра чакаюць у Японіі і Інданезіі. Самае моцнае з калі-небудзь зафіксаваных землетрасенняў адбылося ў Чылі ў 1960 годзе. Тады ў рэгіёне загінула больш чым 6 тысяч чалавек, і большасць сталі ахвярамі менавіта цунамі, які рушыў за штуршкамі. Хваля дасягнула Гаваяў, што знаходзяцца за 10 тысяч кіламетраў ад эпіцэнтра. Спецыялісты асцерагаюцца паўтарэння сцэнарыя стыхійнага бедства больш чым саракагадовай даўнасці.














