Прэмію міру уручылі за высілкі па спыненні сексуальнага гвалту ва ўзброеных канфліктах.

5 октября 2018

Сталі вядомыя ўладальнікі Нобелеўскай прэміі міру. Імі сталі кангалезскі ўрач Дэні Муквеге і іракская праваабаронца і актывістка Надзя Мурад.

Як паведаміў Нарвежскі нобелеўскі камітэт, узнагарода ім уручаецца за высілкі па спыненні сексуальнага гвалту ва ўзброеных канфліктах.

Нагадаем, сярод прэтэндэнтаў на Прэмію міру былі таксама лідары КНДР і Рэспублікі Карэя Кім Чэн Ын і Мун Чжэ Ін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Дэні Муквеге, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру: "15 гадоў таму мы ўпершыню зразумелі, што сексуальны гвалт у дачыненні да жанчын на піку. Упэўнены, што гэта небяспечная тэндэнцыя. Гэта і зневажанне, і ганьба, і часам непапраўны ўдар па жаночым арганізме. Скажу больш: згвалтаванне - гэта адмаўленне самога чалавецтва".

Надзя Мурад, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру: "Рэлігійныя суполкі ў Іраку трэба абараняць. І мая суполка, пасля таго як яна перажыла сапраўдны генацыд, не павінна застацца без абароны. Гэта можна зрабіць шляхам стварэння спецыяльных ахоўных зон. Для гэтага міжнароднай супольнасці трэба працаваць у каардынацыі з урадам Ірака і з рэгіянальным урадам Курдыстана".

Дэні Муквеге - хірург і гінеколаг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Яго пацыенткі - ахвяры сексуальнага гвалту, у тым ліку масавага. Сярод задач доктара і псіхалагічная рэабілітацыя пацярпелых. Надзя Мурад - язідка з Ірака. Яна перажыла сексуальнае рабства ў баевікоў групоўкі "Ісламская дзяржава". Зараз садзейнічае вызваленню іншых палонніц і палонных радыкальных ісламістаў.