Незалежная ці не?

19 октября 2017

Афіцыйны Мадрыд да гэтага часу не атрымаў дакладнага адказу з Барселоны наконт абвяшчэння Каталоніяй суверэнітэту. Гэтай раніцай мінуў тэрмін ультыматума, які іспанскі ўрад вылучыў уладам аўтаномнай супольнасці. У адказ на шматзначнае маўчанне старшыні парламента Каталоніі Мадрыд мае намер ужо ў суботу запусціць 155 артыкул Канстытуцыі - ён пазбавіць рэгіён самакіравання. Улады Іспаніі называюць гэты працэс навядзеннем парадку. Барселона ж заяўляе аб крызісе дэмакратыі, рэпрэсіях і спробе зняважыць каталонцаў.

Ініга Мендэс дэ Віга, афіцыйны прадстаўнік урада Іспаніі: "Урад прыкладзе ўсе намаганні, каб аднавіць канстытуцыйны парадак, вярнуцца да мірнага суіснавання і спыніць працэс эканамічных і сацыяльных узрушэнняў у Каталоніі".

Марта Паскаль, генеральны каардынатар Каталонскай еўрапейскай дэмакратычнай партыі: "Мы дамовіліся з прэзідэнтам каталонскага парламента, што ў выпадку прымянення Мадрыдам 155-га артыкула, ён павінен выканаць мандат аб абвяшчэнні незалежнасці па выніках рэферэндуму 1 кастрычніка. Тым не менш, мы лічым, што прапанаваны іспанскаму ўраду дыялог павінен адбыцца. Мы па-ранейшаму падтрымліваем нашы заявы аб тым, што гэта праблема павінна вырашацца за сталом перамоў."

Гісторыя з незалежнасцю ўжо дорага абыходзіцца Каталоніі. Нявызначанасць прывяла да паніжэння курсу еўра і падзення іспанскага фондавага рынку. З Каталоніі маюць намер сысці 540 кампаній. Па якім сцэнарыі будуць развівацца падзеі, эксперты прадказаць не бяруцца. Адзначым, нягледзячы на вынікі рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, у аўтаномнай супольнасці жыве нямала прыхільнікаў адзінай Іспаніі, якія ігнаравалі галасаванне 1 кастрычніка, лічачы яго пазапраўным. Напярэдадні яны правялі ў Барселоне шматтысячны марш у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці каралеўства.