Некалькі дзён застаецца да другога тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне

18 апреля 2019

Зрэшты, краіна з большай стараннасцю абмяркоўвае маючыя адбыцца дэбаты Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Зяленскага на стадыёне "Алімпійскі". Зараз там спецыялісты дзвюх каманд рыхтуюць абсталяванне і ўсталёўваюць сцэны. Дагэтуль у кандыдатаў няма адзінага погляду на тое, паводле якой схемы пройдзе дыялог паміж палітыкамі. За апошнія некалькі дзён час змяняўся неаднаразова, але дэбаты пройдуць у сем гадзін вечара. Паглядзець на галоўнае палітычнае шоу стадыённага фармату прыязджаюць з усяго свету.

З Кіева наш палітычны аглядальнік Аляксей Волкаў. Стадыён як стадыён. Але менавіта "Алімпійскаму" наканавана стаць арэнай для галоўнай бітвы года, якую ўкраінцы чакаюць больш за фінал "Гульні прастолаў", - дэбатаў Уладзіміра Зяленскага і Пятра Парашэнкі. Дарэчы, дзеючы гарант ужо выпрабаваў арэну 14 красавіка, калі прыйшоў дэбатаваць… з акцёрам, які загадзя адмовіўся. Атрымалася цікаўна і скончылася песняй "Ты ж мяне падманула, на дэбаты не прыйшла".

Але, падобна, што 19 красавіка ўсё ж адбудзецца шоу не аднаго акцёра: стадыён узяты пад узмоцненую ахову. На полі працуюць адразу дзве каманды. Яны ўзводзяць некалькі сцэн, бо кандыдаты не змаглі дамовіцца аб тым, як будзе выглядаць пляцоўка для дэбатаў. Падзеляць і трыбуны: палова за Зе!, а другая за Па…рашэнку. Апошні, дарэчы, заявіў, што пасля гладыятарскай бітвы на "Алімпійскім" паедзе на ўжо трэція для сябе дэбаты ў тэлестудыю… зноў адзін. Адзначым, што абодва палітыкі размаўлялі адзін з адным толькі аднойчы - 11 красавіка, калі прэзідэнт уварваўся ў прамы эфір ток-шоу канала "1+1" і запатрабаваў патэлефанаваць акцёру. Патэлефанавалі - і пасварыліся. Зяленскі кінуў трубку, паабяцаўшы гарачыя дэбаты Пятру Аляксеевічу. І за працягам вадэвіля ўжо на стадыёне будуць назіраць прыкладна дваццаць тысяч гледачоў і дзесяць тысяч сілавікоў. Небывалыя меры бяспекі тлумачаць так: каб пазбегнуць правакацый і ўжо тым больш бойкі паміж лагерамі. Дарэчы, пра канфлікты: Вярхоўная рада Украіны сур'ёзна асцерагаецца, што ў выпадку перамогі Зяленскі пакажа на выхад і датэрмінова распусціць парламент, у які плануе патрапіць Парашэнка, калі прайграе.

А паводле апошніх лічбаў, такі сцэнарый больш як магчымы: крэатыўнага палітыка гатовыя падтрымаць толькі 23 %, у той час як Зяленскаму давяраюць 75 % украінцаў. У цэлым відаць, што краіна загледзелася на іншага прэзідэнта, але чакаем дэбаты. Эндшпіль выбараў можа павярнуць сітуацыю на 180 градусаў, а можа і не павярнуць.