Не "Ла-Ла Ленд" - найлепшы фільм

27 февраля 2017
Грандыёзным скандалам завяршылася 89-ая цырымонія ўручэння прэміі "Оскар". У фінале шоу, калі павінны былі аддаць апошняга "Залатога рыцара", вядучыя пераблыталі канверты - ім у рукі трапіла картка з найлепшай актрысай - Эмай Стоўн. Таму спачатку па памылцы назвалі фільмам года "Ла-Ла Ленд". Адсюль і блытаніна. Промах заўважылі адразу ж на сцэне і ўжо назвалі жартам года. Такога гісторыя "Оскара" яшчэ не ведала. У выніку афіцыйна "Найлепшы фільм" - карціна "Месячнае святло". А вось каму дасталіся астатнія не менш важныя намінацыі - раскажа Вольга Давідовіч.

89-ая цырымонія ўручэння прэміі амерыканскай кінаакадэміі пачалася з палымянага нумара - Джасцін Тымберлейк з песняй Can't Stop The Feeling з анімацыйнага фільма "Тролі".

Затым на сцэне з'явіўся комік Джымі Кімел і адразу даў зразумець, што цяперашняя цырымонія будзе афарбаваная ў палітычныя колеры (нагадаем, шматлікія галівудскія зоркі выказваюць сваю катэгарычную нязгоду з дзеяннямі Дональда Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША). Свой маналог Кімел пачаў з наступнай фразы: "Наша шоу глядзяць сёння больш чым у 225 краінах свету, якія зараз нас ненавідзяць". І звярнуў увагу аўдыторыі на актрысу Мерыл Стрып, папрасіўшы прывітаць яе апладысментамі за "яе шматлікія невыдатныя і пераацэненыя акцёрскія працы" - намёк на рэакцыю прэзідэнта Трампа на крытыку з боку Стрып. Мерыл ад душы засмяялася.

Першым жа трыумфатарам цырымоніі стаў цемнаскуры акцёр Махершала Алі. Ён перамог у намінацыі "Найлепшы выканавец ролі другога плана" за фільм "Месячнае святло". Гэта гісторыя хлопчыка з гета, яго станаўлення як асобы ў дзяцінстве, потым юнацтве і, нарэшце, у сталым узросце.

Найлепшай актрысай другога плана стала Віёла Дэвіс за стужку "Агароджы". Прымаючы залатую статуэтку, ледзь стрымліваючы слёзы ад хвалявання - бо гэта яе першы "Оскар", яна адзначыла, што гэты фільм "аб людзях і аб прабачэнні".

Віёла Дэвіс, актрыса: "Я стала актрысай і вельмі рада, што ёй стала. Гэта дазваляе пражыць жыццё ва ўсёй яе поўнасці. Для мяне Сусветам сталі людзі, якія вучылі мяне не рабіць памылак, паважаць і любіць навакольных".

Іранская стужка "Коміваяжор" Асгара Фархадзі атрымала "Оскара" ў намінацыі "Фільм на замежнай мове". Фархадзі, дарэчы, у знак пратэсту супраць іміграцыйнага ўказа прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не прыехаў на цырымонію і папрасіў атрымаць яго прыз амерыканку іранскага паходжання Анушэ Ансары - гэта першая мусульманка і прадстаўніца Ірана, якая пабывала ў космасе.

Анушэ Ансары, касмічны турыст: "Хачу зачытаць тое, што сказаў Асгар Фархадзі. Шкадую, што я не з вамі ў гэты вечар. Дзяленне свету на "нас" і "нашых ворагаў" спараджае страх, спараджае агрэсію і войны. Кінематаграфісты могуць накіраваць свае камеры на тое, што складае годнасць людзей, каб зламаць стэрэатыпы, звязаныя з адрозненнем нацый і рэлігій".

Найлепшым анімацыйным мультфільмам года стаў "Звераполіс", а найлепшым дакументальным фільмам - драма "О.Джэй: Зроблена ў Амерыцы" рэжысёра Эзры Эдэльмана. І зараз аб галоўным фаварыце цяперашняй прэміі - мюзікле "Ла-Ла Ленд". Ён быў намінаваны ў 14 намінацыях, аднак узяў усяго 7 статуэтак. За найлепшага рэжысёра - Дэм'ен Шазел, ён стаў самым маладым оскараносным рэжысёрам у гісторыі прэміі.

Дэм'ен Шазел, рэжысёр: "Я хачу падзякаваць у першую чаргу цудоўным рэжысёрам, якія раздзялілі са мной намінацыю, - Вільнёў, Гібсан, Ланерган, Джэнкінс. Вашы працы мяне натхнялі на творчасць".

Узнагародзілі і кампазітара мюзікла - гэта Джасцін Гурвіц, аператара Лінуса Сандгрэна і мастака-пастаноўшчыка. Таксама "Оскара" атрымала і песня - City of Stars. Найлепшай жа актрысай была прызнаная Эма Стоўн, якая сыграла ў "Ла-Ла Лэндзе" - гэта ўразіла як і гледачоў у зале, так і саму актрысу.

Насуперак прагнозам, найлепшым акцёрам кінаакадэмікі прызналі не партнёра Эмы Стоўн па фільме Раяна Гослінга, а Кейсі Афлека за "Манчэстар ля мора". Гаворачы словы падзякі, ён вельмі хваляваўся.

Кульмінацыя цырымоніі. Найлепшым фільмам называюць "Ла-Ла Ленд". На сцэне трыумфатары. І раптам аказваецца, што Уорэн Біці - акцёр, які аб'яўляў пераможцу, пераблытаў канверты і найлепшым фільмам прызнаны фільм "Месячнае святло" Бары Джэнкінса.

Біці просіць прабачэння, як і вядучы цырымоніі. Аўтары фільма "Ла-Ла Ленд" збянтэжаныя, прадзюсары сыходзяць са сцэны. Прычым, гэта адзін з іх заўважыў памылку і пракрычаў на ўсю залу пра гэта. Зала "Долбі" нерашуча апладзіруе. Такога гісторыя "Оскара" яшчэ не ведала.