Наталля Вадзянава наведала мінскі офіс "Айдыяномікс Дыджытал"

18 мая 2018

Развіццё ІТ-бізнесу ў Беларусі дазволіць прыцягнуць інвестараў з усяго свету. Такое меркаванне выказала сёння сусветная супермадэль і філантроп Наталля Вадзянава, калі наведвала мінскі офіс кампаніі - рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій "Айдыяномікс Дыджытал". Летась у статусе бізнесвумен яна інвеставала ў беларускі дадатак Flo і ўвайшла ў савет дырэктараў праекта. На думку Наталлі Вадзянавай, беларуская распрацоўка зменіць свет на лепшае. Сэрвіс дазваляе сачыць за станам жаночага здароўя і з'яўляецца лідарам у сваім сегменце ў сусветным маштабе. Штучны інтэлект, які выкарыстоўваецца ў Flo, таксама падказвае, як можна змяніць свой лад жыцця ў лепшы бок: дае персанальныя парады, заснаваныя на занесеных раней звестках і аналізе дзясяткаў мільёнаў карыстальнікаў. Наталля Вадзянава пагутарыла з распрацоўшчыкамі, а таксама пакінула час на фота і аўтографы.

Наталля Вадзянава, супермадэль, член савета дырэктараў кампаніі Flo: "Прадукт, вядома, неверагодны. Усё роўна, колькі табе гадоў. Ты даведваешся шмат новага пра жаночае здароўе. Я нават посціла пра гэта ў "Інстаграме", таму што я лічу, што такі прэцэдэнт, што Беларусь першай падтрымала крыптавалюту і наогул развіццё ІТ-бізнесу, - гэта магчымасць для краіны прыцягнуць цікавыя кам'юніці з усяго свету".

Наталля Вадзянава таксама прэзентавала ў Мінску дабрачынны дадатак "Элбі", які спрашчае дабрачынныя ўнёскі.