Назіраць за кітайскімі пандамі зараз можна кругласутачна

7 августа 2013

Кітайскае дзяржтэлебачанне запусціла інтэрнэт-канал, які бесперапынна - у прамым эфіры - будзе трансляваць мернае жыццё бамбукавых мішак. Праект стартаваў у самым буйным гадавальніку ў правінцыі Сычуань. На 80 пандаў нацэленыя 28 камер, усталяваных па ўсёй тэрыторыі запаведніка.


У дзікай прыродзе гэтых жывёлін засталося ўсяго 1600. Яны жывуць толькі на тэрыторыі Кітая - у горах Сычуані і Тыбета. Яшчэ каля 300 жывуць у заапарках па ўсім свеце. У гіганцкіх пандаў - вялізная колькасць прыхільнікаў. Нацыянальны сімвал Паднябеснай ёсць на YouTube і нават у сацыяльных сетках. Ім самым дбайным чынам выбіраюць імёны, а арэнда вялікіх пандаў заапаркам ЗША і Японіі ў свой час стала важнай часткай кітайскай дыпламатыі. І, вядома, пандаў любяць мастакі-мультыплікатары.


Што ўжо казаць, калі нязменным сімвалам Сусветнага фонда дзікай прыроды з'яўляецца зноў жа панда. З удзелам бамбукавых мядзведзяў (дакладней, іх фігурак) на днях адзначылі 50-годдзе берлінскага філіяла арганізацыі. Яны размясціліся насупраць гарадскога вакзала і выклікалі захапленне ў прахожых. Але гэтыя - штучныя. А панаглядаць за сапраўднымі?


iPanda.com - інавацыйны сайт, арыентаваны на міжнародную аўдыторыю. Даследчы цэнтр па гадоўлі вялікіх пандаў у Чэнду размясціў на сваёй тэрыторыі 28 відэакамер высокай дакладнасці. Супрацоўнікі ганарліва заяўляюць, што праект - унікальны, паколькі раней у такіх маштабах і якасці трансляцыі жыцця пандаў ніколі не вяліся.


Ніхто не стане спрачацца, што за гэтымі наймілейшымі стварэннямі, падобнымі да цацачных плюшавых мядзведзяў, можна назіраць кругласутачна. Можа таму, што геном панды і чалавека супадае на 68%? Прывабнасць гэтых марудлівых у спакоі і разбуральных у лютасці жывёлін стопрацэнтная. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, якія хочуць больш даведацца пра пандаў і цяперашні стан справы па іх абароне, расце імкліва. Аўтары ідэі PANDA-канала задаволеныя, бо задумвалася ўсё менавіта з надзеяй на пасоўванне разумення і гуманнасці, міру і сяброўства.