На паўднёвым усходзе Украіны не спыняюцца жорсткія баі

10 февраля 2015

Інфармацыя паступае даволі супярэчлівая. Лідары самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік сцвярджаюць, што сёння ім атрымалася замкнуць так званы дзябальцаўскі кацёл, у якім, паводле іх слоў, застаюцца тысячы ўкраінскіх салдат. Апалчэнцы, у прыватнасці, сцвярджаюць, што імі заняты населены пункт Логвінава, праз які праходзіць дарога, па якой вайскоўцы атрымлівалі падмацаванне, боепрыпасы і правіянт. У той жа час у Савеце нацбяспекі і абароны Украіны гэтую інфармацыю аспрэчваюць і паведамляюць аб паспяховым наступленні ўкраінскага батальёна "Азоў" у бок Новаазоўска. Сілавікі, паводле дадзеных украінскіх СМІ, ужо ўзялі пад кантроль шэраг населеных пунктаў на подступах да горада, які ўтрымлівае апалчэнне ДНР. Паміж тым, прадстаўнікі місіі АБСЕ паведамляюць, што эвакуацыя мірных жыхароў з зоны канфлікту ўскладняецца абстрэламі. Яны адзначаюць, што гуманітарная сітуацыя склалася жудасная і патрабуюць аб’явіць перамір'е, каб эвакуіраваць мірных жыхароў і даставіць харчаванне, медыкаменты і іншыя тавары першай неабходнасці.