На поўдні Францыі пацярпеў крушэнне пасажырскі самалёт Airbus A320

24 марта 2015

У гэтыя хвіліны ўся ўвага сусветных СМІ прыкаваная да інфармацыі з Францыі. На поўдні краіны пацярпеў крушэнне пасажырскі самалёт Airbus A320, які належаў авіякампаніі Germanwings. Машына выконвала рэйс з Барселоны ў Дзюсельдорф. Паводле папярэдніх звестак, на борце знаходзіліся 142 пасажыры і 6 членаў экіпажа. Як паведамляецца, незадоўга да моманту крушэння лайнер падаваў сігналы бедства. Абломкі аэробуса знойдзеныя ў Альпах, аднак ратавальнікі пакуль да іх не дабраліся. Самалёт упаў у горнай мясцовасці ў раёне французскага горада Барселанет. Па словах прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, тых, хто выжыў у катастрофе, хутчэй за ўсё няма. Згодна з паведамленнямі СМІ, большасць пасажыраў - грамадзяне Германіі. Пасольства Беларусі ў Германіі правярае, ці былі грамадзяне нашай краіны сярод пасажыраў, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў нашай краіны. Мы сочым за інфармацыяй. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.