На ўсходзе Украіны адбылася авіякатастрофа

17 июля 2014

Апошнія дзве гадзіны мы ўважліва сочым за паведамленнямі, якія прыходзяць з Украіны. На ўсходзе краіны адбылася авіякатастрофа. Ля горада Тарэз Данецкай вобласці рухнуў Боінг-777 малазійскіх авіяліній. Самалёт ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. На борце лайнера знаходзіліся 280 пасажыраў і 15 членаў экіпажа. Паводле звестак МУС Украіны, ніхто не выжыў. Як перадае Інтэрфакс, абломкі лайнера закранулі жылыя дамы. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелі некалькіх жыхароў Тарэза. Што стала прычынай трагедыі, невядома. Паведамляецца толькі, што самалёт, які ляцеў на вышыні больш за 10 тысяч метраў, пачаў нечакана зніжацца за 50 кіламетраў да ўваходжання ў паветраную прастору Расіі. Па адной з версій, лайнер мог быць збіты ракетай. Аднак чыёй іменна, пакуль незразумела. Кіеў і апалчэнцы ўжо абвінавацілі ў крушэнні лайнера адзін аднаго.


Для расследавання інцыдэнту будзе створана міжнародная камісія - як чакаецца, у яе склад увойдуць спецыялісты Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, а таксама прадстаўнікі Нідэрландаў і Малайзіі. Цэлы шэраг авіякампаній заявілі аб спыненні палётаў над тэрыторыяй Украіны. І як паведамляе беларускі нацыянальны перавозчык, авіякампанія Белавія прыняла рашэнне аб змене маршрутаў палётаў праз паветраную прастору Усходняй Украіны - да высвятлення прычын таго, што здарылася.



Пасольствы Беларусі ў Нідэрландах і Украіне правяраюць, ці былі на борце Боінга грамадзяне нашай краіны. Аб гэтым нашаму тэлеканалу паведамілі ў прэс-службе МЗС.