На поўначы Сіная ідзе пошукавая аперацыя

31 октября 2015

На поўначы Сіная - у раёне горада Эль-Арыш - ідзе пошукавая аперацыя. Там працуюць егіпецкія экстранныя службы. Ужо ўдалося знайсці два бартавыя самапісцы. Паводле звестак агенцтва "Рэйтэр", да гэтай хвіліны выняты целы 100 загінуўшых, сярод іх 17 дзяцей. Сваякі пасажыраў рэйса збіраюцца ў пецярбургскім Пулкаве - людзі плачуць і чакаюць апошніх навін. У Расіі 1 лістапада аб'яўлены днём жалобы. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, родным і блізкім загінуўшых, таксама ўсяму расійскаму народу. 

Усе падрабязнасці трагедыі - далей. Расказвае Вольга Давідовіч.

Гэта катастрофа стала найбуйнейшай у гісторыі савецкай і расійскай авіяцыі. Airbus рэйса 92-68 быў у небе ўсяго 23 хвіліны. Ён вылецеў з Шарм-эль-Шэйха раніцай і ўзяў курс на Санкт-Пецярбург. Амаль адразу пасля ўзлёту камандзір экіпажа далажыў на зямлю аб тэхнічных няспраўнасцях на борце. Неўзабаве Airbus страціў сувязь з дыспетчарамі і знік з экранаў радараў. Лайнер упаў у гарыстай мясцовасці на поўдзень ад Элю-Арыша на Сінаі. На яго борце знаходзіліся 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа. Усе яны загінулі.

Зараз на месцы крушэння ідзе пошукавая аперацыя. Ад удару аб скалы фюзеляж разламаўся на дзве часткі, хваставая частка ўспыхнула. Абломкі самалёта раскідала ў радыусе пяці кіламетраў ад месца падзення. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што аэробус загарэўся яшчэ ў паветры. Журналісты навінавага партала "Аль-Масры аль-Яум" адшукалі відавочцаў трагедыі, якія гавораць, што рухавік лайнера гарэў перад тым, як самалёт упаў на зямлю.

Шэрыф Ісмаіл, Прэм'ер-міністр Егіпта: "Мы адправілі на месца катастрофы рабочую групу Міністэрства грамадзянскай авіяцыі. Яна будзе праводзіць расследаванне, гэта стандартная працэдура. Зразумела, мы падтрымліваем пастаянны кантакт з расійскім паслом".

Паводле адной з асноўных версій, прычынай крушэння аэробуса магла стаць тэхнічная няспраўнасць. Як высветлілася, пілоты неаднаразова дакладвалі тэхнікам і кіраўніцтву авіякампаніі аб нестабільнай працы рухавікоў самалёта, аднак лайнер працягвалі эксплуатаваць. Следчы камітэт Расіі ўжо ўзбудзіў дзве крымінальныя справы. У Егіпце для расследавання трагедыі створана спецкамісія.

Псіхолагі МНС ужо некалькі гадзін працуюць са сваякамі загінуўшых. У пецярбургскім аэрапорце Пулкава, дзе павінен быў прызямліцца самалёт, арганізаваны аператыўны штаб. У аэрапорт ужо прыбылі больш за 100 членаў сем'яў ахвяраў авіякатастрофы. Людзі знаходзяцца ў глыбокім шоку. Многія з іх дагэтуль не могуць паверыць у тое, што адбылося.

Улады Пецярбурга ўжо паабяцалі арганізаваць для сваякоў загінуўшых спецрэйс у Егіпет для правядзення апазнання цел. З месца здарэння іх дастаўляюць у Каір.

Аксана Галавіна, прадстаўнік холдынга TH&C: "На дадзены момант мы вырашаем тэрміновыя пытанні па арганізацыі бартоў для таго, каб даставіць туды людзей. Гэта можа адбыцца заўтра, калі гэта фізічна магчыма, калі скажуць следчыя органы чакаць 2-3 дні - будзем чакаць".

Гэта не першы інцыдэнт з самалётамі Кагалымавія, таксама вядомай як MetroJet. У 2011 годзе Ту-154Б гэтага перавозчыка згарэў у аэрапорце Сургута. Тады загінулі тры чалавекі. А паводле звестак сайта Aviation Safety Network, аэробус, які разбіўся сёння, ужо трапляў у аварыйную сітуацыю. У лістападзе 2001 ён пашкодзіў хваставую частку пры пасадцы ў міжнародным аэрапорце Каіра. Самалёт быў выпушчаны 18 з паловай гадоў таму і раней эксплуатаваўся ў некалькіх краінах, перш чым у 2012 яго набыла расійская Кагалымавія.