На Кубу з усіх канцоў свету паступаюць спачуванні

26 ноября 2016

Сёння на Кубу з усіх канцоў свету паступаюць спачуванні ў сувязі са смерцю Фідэля Кастра. Палітыкі, грамадскія дзеячы і простыя людзі ва ўсім свеце выяўляюць словы смутку і раздздзяляюць горыч страты. Лідар Кубінскай рэвалюцыі пайшоў з жыцця 25 лістапада ва ўзросце 90 гадоў. З яго адыходам скончылася цэлая эпоха. Гэты чалавек, узнесены на палітычны алімп, прайшоў шлях ад кіраўніка паўстанцаў да кіраўніка Кубы. Шматлікія ў краіне звалі яго проста па імені, якое стала сімвалам вызвалення. На працягу ўсёй суверэннай гісторыі нашай краіны Беларусь і Кубу звязвалі не толькі дыпламатычныя, сацыяльна-палітычныя і эканамічныя сувязі, але і цёплыя ўзаемаадносіны лідараў дзвюх дзяржаў. І зараз "мы страцілі не толькі роднага і дарагога чалавека. Мы страцілі мысляра, замены якому пакуль няма". З такімі словамі Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка звярнуўся ў спачуванні да брата лідара Кубінскай рэвалюцыі Раўля Кастра і ўсяго кубінскага народа: "Паважаны Рауль, з надзвычай глыбокім смуткам даведаўся аб смерці майго сябра і Вашага брата - лідара Кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра Руса. Фідэль Кастра назаўжды ўвайшоў у гісторыю як палымяны патрыёт, які прысвяціў сваё жыццё самаадданаму служэнню Радзіме і ідэалам Кубінскай рэвалюцыі. Паслядоўная дзейнасць Фідэля Кастра стала каталізатарам фарміравання такіх адметных рыс кубінскага народа, як свабодалюбнасць і гатоўнасць жорстка адстойваць свае погляды. У Беларусі вельмі высока цэняць выключныя намаганні і важкі ўклад Фідэля Кастра ў развіццё двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі. Яго светлае імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю станаўлення беларуска-кубінскага стратэгічнага партнёрства. "Мой дарагі сябар Фідэль да апошніх дзён свайго жыцця працягваў бесперапынную працу на карысць грамадзян Кубы і братэрскіх народаў. Вялікую каштоўнасць маюць для мяне разумныя думкі і парады, якімі ён дзяліўся са мной. Упэўнены, што гэты неацэнны скарб будзе і далей дапамагаць мне ў дзяржаўнай дзейнасці і асабістым жыцці".

"Дарагі Рауль, ад усяго сэрца пасылаю шчырыя спачуванні і пажаданні ўстойлівасці і мужнасці Вам і народу Кубы". Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў: "Рауль, мы страцілі не толькі роднага і дарагога чалавека. Мы страцілі мысляра, замены якому пакуль няма!".

Пад кіраўніцтвам свайго камандантэ Куба стала аднапартыйнай сацыялістычнай дзяржавай. Прамысловасць і прыватная ўласнасць нацыяналізаваныя. Праведзеныя маштабныя рэформы ў рамках грамадства. Сваімі палымянымі прамовамі Кастра запальваў сэрцы кубінцаў і здзіўляў сусветных палітыкаў.

Пра чалавека, які пры жыцці стаў легендай - Сяргей Гусачэнка. Здаецца, сёння разам з Гаванай у жалобу пагрузіўся амаль увесь свет. Фідэль Кастра быў адным з самых вядомых палітыкаў на планеце. Востраў Свабоды афіцыйна будзе смуткаваць 9 дзён, але боль страты застанецца ў сэрцах пакалення назаўжды: камандантэ змяніў гісторыю Кубы і натхняў мільёны людзей.

Сёння цела Кастра крэмавалі, такая была яго воля. Праз некалькі дзён (у пачатку снежня) ўрну з прахам адправяць у апошні шлях па краіне, каб жыхары Кубы змаглі развітацца з тым, каму застануцца ўдзячныя за незалежнасць і волю. Чалавек стагоддзя і кумір - так гавораць аб ім на радзіме.

Ён нібы прадчуваў сваю смерць яшчэ ў красавіку гэтага года. Але аб гэтым ледзь пазней. Лідара кубінскай рэвалюцыі не стала ў ноч з пятніцы на суботу. У эфіры дзяржаўнага тэлебачання сумную навіну агучыць брат камандантэ, цяперашні кубінскі лідар Рауль Кастра.

Ён нарадзіўся 13 жніўня 1926-га ў правінцыі Ар'ентэ ў сям'і багатага фермера, уладальніка буйной цукровай плантацыі. Матэрыяльных праблем не адчуваў, але па слядах бацькі не пайшоў. Фідэль скончыў юрфак Гаванскага ўніверсітэта, працаваў прыватным адвакатам і нават бясплатна вёў справы беднякоў. Палітычную дзейнасць ён пачынае ў студэнцкія гады. У канцы 1947-га выступае з прамовай, у якой заяўляе: "багацці краіны знаходзяцца ў замежных руках", і заклікае таварышаў па вучобе да ўзброенай барацьбы з лозунгам "маладая нацыя ніколі не здаецца". Яго арыштоўвалі, саджалі ў турму, а ён не пераставаў змагацца. Сфарміраваў у Мексіцы рэвалюцыйны атрад, і ў канцы 50-ых паўстанцы пад правадырствам Кастра праводзяць шэраг аперацый супраць рэжыму Фульхенсіа Батысты.

А 1 студзеня 1959 года паўстанцкая армія ўваходзіць у Гавану. Наступае эпоха Фідэля. Ён будзе кіраваць краінай 49 гадоў.

Кастра кіруе Кубай жалезнай рукой і стане адной з цэнтральнай фігур халоднай вайны. Востраў Свабоды, які перш з'яўляўся курортам для багатых амерыканцаў, становіцца аднапартыйнай камуністычнай дзяржавай з бясплатнай адукацыяй і медыцынай. Прамысловасць і прыватная ўласнасць нацыяналізаваныя. Маштабныя рэформы праведзеныя ў розных сферах жыцця і кардынальна змяняюць аблічча краіны.

Стан здароўя камандантэ пачне пагаршацца ў 2006-м. Па гэтай прычыне праз 2 гады свае паўнамоцтвы ён перадае брату Раулю.

Яго любілі ў СССР і недалюблівалі ў ЗША. У свой час ён сустракаўся з Мікітам Хрушчовым і абмяркоўваў, як засцерагчы Кубу ад агрэсіі Штатаў.

У ліпені 1972 года Фідэль Кастра прыязджаў у Мінск. У аэрапорце яго сустракалі, як жывую легенду.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бываў на Кубе некалькі разоў, і заўсёды гэта быў вельмі цёплы і па-сапраўднаму дружалюбны прыём.

У 2000 годзе беларускага лідара ўзнагародзілі ордэнам Хасэ Марці - вышэйшая ўзнагарода Кубы. У Мінска і Гаваны поўнае паразуменне па палітычных пытаннях і падтрымка адно аднаго на міжнароднай арэне. Аляксандр Лукашэнка не раз падчас сустрэч з прадстаўнікамі вострава Свабоды гаварыў аб сваім асаблівым стаўленнім да камандантэ.

За час свайго кіравання Кастра праводзіў з пасады 9 амерыканскіх прэзідэнтаў і перажыў 638 замахаў. Забіць камандантэ імкнуліся любымі спосабамі: атручанымі цыгарэтамі, бомбамі ў бейсбольных мячах, аквалангам з сухотнай палачкай у трубцы… Неяк Кастра скажа: "Калі б здольнасць выжываць пасля замаху была алімпійскай дысцыплінай, я б меў па ёй залаты медаль". Тым не менш, ужо ў шаноўным узросце ён-такі на свае вочы ўбачыць гістарычнае пацяпленне адносін паміж Кубай і ЗША.

Сваімі палымянымі прамовамі ён запальваў сэрцы кубінцаў і здзіўляў сусветных палітыкаў. Фідэль Кастра - рэкардсмен Кнігі Гінеса за самую доўгую прамову з трыбуны ААН, яна працягвалася амаль 4 з паловай гадзіны. Зрэшты, на радзіме яго маналогі доўжыліся і больш. У 2005-м 79-гадовы Кастра 5 гадзін выступаў перад студэнтамі і выкладчыкамі Гаванскага ўніверсітэта. Пры гэтым камандантэ ўвесь час гаварыў стоячы, ні разу не прысеў і не збіўся. Яго нядаўняя прамова красавіку 2016-га выйдзе не такой доўгай, але шмат у чым прароцкай.

У апошнія гады Фідэль Кастра вёў непубличны лад жыцця. Змяніўшы аліўкавую ваенную форму на спартыўны касцюм, Кастра адышоу ад дзяржаўных спраў, аднак працягваў пісаць артыкулы ў кубінскіх газетах. А яшчэ любіў прымаць у сябе наведвальнікаў і весці доўгія філасофскія гутаркі. Але ў сэрцах кубінцаў ён заставаўся і застанецца лідарам вострава Свабоды: з чорнай барадой, нязменнай цыгарай і сілай духу, якая дапамагла вялікаму палітыку і выбітнаму чалавеку назаўжды змяніць жыццё роднай краіны.