На Кубе аб'явілі трохдзённую жалобу

19 мая 2018

Трохдзённую нацыянальную жалобу аб'явілі на Кубе ў сувязі з крушэннем пасажырскага "Боінга". Па ўсёй краіне прыспушчаныя флагі. Пакуль у спісе загінуўшых 107 чалавек. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіраваў спачуванне Старшыне Дзяржсавета і Савета Міністраў Кубы Мігелю Дыясу-Канелю. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў шчырыя спачуванні і перадаў словы падтрымкі родным і блізкім загінуўшых, пажадаў хуткага выздараўлення пацярпелым.

Расказвае Ксенія Пякарская: Пасажырскі самалёт "Боінг-737" паваліўся, ледзь паспеўшы вылецець з міжнароднага аэрапорта Гаваны. Лайнер накіроўваўся ў горад Альгін, што знаходзіцца на ўсходзе Кубы. Усяго на борце знаходзіліся 104 пасажыры і 6 членаў экіпажа, ацалелых усяго трое. Ды і то ўрачы расцэньваюць стан пацярпелых як крытычны.

Першапачаткова паведамлялася пра чатырох ацалелых, аднак адзін мужчына памёр па дарозе ў шпіталь. А ахвяраў магло быць яшчэ больш, калі б самалёт паваліўся на тэрыторыі населенага пункта. Аднак лайнер зваліўся на сельгасугоддзі ў прыгарадзе Гаваны, зусім крыху не даляцеўшы да мястэчка Сант'яга-дэ-лас-Вегас. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ўбачылі ў небе слуп дыму.

Паводле слоў відавочцаў, самалёт адразу пасля вылету спрабаваў вярнуцца ў аэрапорт, аднак ён ляцеў так нізка, што сутыкнуўся з лініямі электраперадачы. Першыя здымкі слупоў дыму сталі з'яўляцца праз некалькі хвілін пасля крушэння - лайнер зваліўся так блізка ад аэрапорта, што яго можна было бачыць з вокнаў.

Ратавальнікі прыбылі праз 12 хвілін. Яны і зараз працуюць на месцы здарэння - працягваюць шукаць астанкі ахвяр катастрофы. У самім аэрапорце медыкі і псіхолагі дапамагаюць сем'ям загінуўшых, якія ў імгненне страцілі каханых і родных.

Спіс загінуўшых дагэтуль не апублікаваны. Паводле папярэдняй інфармацыі, два пасажыры былі родам з Аргенціны, астатнія з'яўляліся кубінцамі. Пасольства Беларусі ў Кубе высвятляе, ці знаходзіліся на борце грамадзяне нашай краіны.

На месца здарэння прыехаў Старшыня Дзяржсавета Кубы.

Афіцыйная прычына крушэння яшчэ не названая. Аднак галоўная версія - тэхнічная няспраўнасць. Зрэшты, у авіякампаніі сцвярджаюць, што самалёт меў усе патрэбныя дазволы на вылет, нягледзячы на тое што яму было ўжо амаль 40 гадоў. Зараз галоўная задача спецыялістаў - адшукаць сярод абломкаў бартавыя самапісцы. Менавіта яны распавядуць праўдзівыя прычыны страшнай катастрофы.