На гэтым тыдні мільёны людзей у выпусках навін маглі бачыць тое, што раней паказвалі толькі ў фантастычных фільмах

17 февраля 2013
У Чалябінскай вобласці Расіі ўпаў вялізны метэарыт. Каля тысячы мясцовых жыхароў былі параненыя. Ударная хваля была такой сілы, што выбівала шкло ў дамах і руйнавала сцены будынкаў. На шчасце, абышлося без ахвяраў. Як паведамляюць у НАСА, магутнасць узрыву метэарыта над Уралам у 30 разоў большая за магутнасць выбуху ў Хірасіме. Гэта значыць, чалябінскі балід - самы магутны з часоў Тунгузскай катастрофы. І пакуль астраномы параўноўваюць абедзве гэтыя касмічныя з'явы, ваенныя задаюцца пытаннем, чаму сродкі СПА ні ў Расіі, ні ў ЗША пагрозу з космасу не заўважылі. Пытанне пакуль адкрытае. Навукоўцы гавораць, што пагром у Чалябінску ўчыніў вялізны асколак нябеснага цела з пояса астэроідаў, размешчанага паміж Марсам і Юпітэрам. Дарэчы, у горадзе разам з мінусамі з'явіўся ў гэтай падзеі і свой плюс. Частку матэрыяльных страт вобласці могуць закрыць турысты, якія ў гэтыя дні літаральна лінулі да месца падзення нябеснага цела. Была і яшчэ адна падстава не без трывогі ўзірацца ў неба. На наступны дзень паблізу Зямлі пралятаў вялізны, як шматпавярховы дом, астэроід. Дзеля справядлівасці зазначым, што гэтым разам ваенныя ўсяго свету аб'ект разгледзелі добра. Асаблівасць яго ў тым, што ніколі яшчэ астэроід такіх памераў не падыходзіў да нас так блізка - ніжэй за ўзровень спадарожнікаў, якія перадаюць, напрыклад, тэлевізійныя сігналы. Што ж, гэтым разам сустрэча ў космасе прайшла спакойна.