На 102 годзе жыцця памёр легендарны акцёр Уладзімір Зельдзін

31 октября 2016

Сёння з Масквы прыйшла сумная навіна. На 102 годзе жыцця памёр легендарны акцёр Уладзімір Зельдзін. За сваю кар'еру ён зняўся ў дзясятках кінакарцін і выканаў сотні тэатральных роляў. Першую гучную славу ў 1941 годзе прынёс фільм "Свінарка і пастух". Сярод яркіх прац у кіно - смешны клоўн у "Карнавальнай ночы", строгі суддзя ў "Дзесяці негрыцянятах" і, вядома, ролі ў фільмах "Дзядзька Ваня", "Прынцэса на гарошыне", "Трыццаць першае чэрвеня", "Сваты". Імя Уладзіміра Зельдзіна занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як адзінага акцёра, які выконвае ролі ва ўзросце 100 гадоў. Уклад Зельдзіна ў культуру адзначаны высокімі ўзнагародамі. Аб тэатральнай легендзе - Дар'я Белавусава-Пятроўская.

З гэтым месцам ва Уладзіміра Зельдзіна звязана практычна ўсё творчае жыццё. Сюды, у Цэнтральны тэатр тады яшчэ Савецкай Арміі, ён быў запрошаны адразу пасля вайны, у 1945-ым. І больш як 70 гадоў ён не здраджваў свайму тэатру. Тут жа адзначыў свой векавы юбілей, спектаклем, які доўжыўся 4 гадзіны.

Маленькая грымёрка на трэцім паверсе Тэатра Расійскай Арміі - гэта цэлы свет Уладзіміра Зельдзіна. Вялікі, цікавы, напоўнены яркімі ўспамінамі. Праўда, сёння імі дзеліцца ўжо не гаспадар гэтага ўтульнага пакоя, а яго пастаянная партнёрка па тэатральнай сцэне. Вольга Багданава пачынала з ролі юнай умілаванай, потым спелай палюбоўніцы, і вось дарасла да ролі жонкі Зельдзіна ў спектаклі "Настаўнік танцаў".

Першую і адразу аглушальную славу Уладзіміру Зельдзіну прынесла роля захапляльнага Мусаіба з фільма Івана Пыр'ева "Свінарка і пастух". Падчас здымак гэтай стужкі пачалася вайна, і, як прызнаваўся потым артыст у многіх інтэрв'ю, магчыма, менавіта гэты факт выратаваў яму жыццё. Зельдзіна рыхтавалі да адпраўкі на фронт, але выйшла распараджэнне Сталіна: "Здымачную групу на распускаць! Працу над фільмам не спыняць!"

У кіно Уладзімір Зельдзін сыграў больш як 50 роляў, у асноўным эпізадычных. Але сыграў так, што кожны яго персанаж назаўжды заставаўся ў памяці гледача. Гэта смешны клоўн Топ з культавага фільма Эльдара Разанава "Карнавальная ноч", строгі і бязлітасны суддзя з перабудоўнага хіта Станіслава Гаварухіна "Дзесяць негрыцянят", знятага паводле рамана Агаты Крысці і непараўнальны Мікалай Мікалаевіч з серыяла "Сваты". Нягледзячы на стары ўзрост, а Зельдзіну было ўжо 96, ён гарманічна ўпісаўся ў састаў камедыйнай эпапеі аб узаемаадносінах інтэлігенцыі і людзей з народа.

Уладзімір Зельдзін часта наведваў Беларусь. У 2006 выходзіў на сцэну Купалаўскага ў ролі Дон Кіхота ў спектаклі "Чалавек з Ламанчы". У 2009 прыязджаў у Мінск з творчым вечарам. І вось, у лістападзе, павінен быў прыехаць зноў, але не паспеў.

Уладзімір Зельдзін - адзіны артыст у свеце, які выходзіў на сцэну ў 100-гадовым узросце. Гэты факт нават трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Не выпадкова ён часта паўтараў словы Оскара Уайльда: "Трагедыя старасці не ў тым, што ты стары, а ў тым, што ты адчуваеш сябе маладым".

Уладзімір Зельдзін будзе пахаваны 3 лістапада на Новадзявочых могілках. А тут, насупраць Тэатра Расійскай Арміі, у будучыні плануюць усталяваць помнік знакамітаму акцёру.