Масква заклікае заходнія краіны не ўрывацца ў Сірыю

28 августа 2013

Міністр абароны ЗША Чак Хэйгел заявіў, што Узброеныя Сілы ўжо гатовыя выканаць загад аб пачатку ваеннай аперацыі. Амерыканскія ўлады чарговы раз выказалі ўпэўненасць, што матэрыялы, якія зараз збіраюць інспектары ААН, абавязкова пацвердзяць, што за хімічную атаку на мінулым тыдні нясе адказнасць сірыйскі ўрад.


Аднак з Вашынгтонам не згодныя ў Маскве. Расійскі бок упэўнены, што хіматака - гэта правакацыя з боку паўстанцаў. Масква заклікае заходнія краіны не ўрывацца ў Сірыю. Аднак, як перадаюць міжнародныя СМІ, ваенная аперацыя можа пачацца ўжо заўтра.


На гэтым фоне сусветныя цэны на нафту рэзка выраслі. Асноўныя сыравінныя маркі дадалі ў кошце больш як 3 долары. За сумесь Брэнт зараз даюць звыш 114 долараў. Падаражэла і золата. А вось акцыі буйных кампаній падаюць. Ключавыя індэксы Нью-Ёркскай фондавай біржы ўпалі на 1-2 працэнты. У чырвонай зоне таксама завяршылі таргі еўрапейскія і расійскія пляцоўкі.