На ВДНГ у Маскве пры дапамозе 3D можна цалкам акунуцца ў атмасферу бою пад Валакаламскам 1941 года

8 мая 2017

Трохмерны бой у вёсцы Іванава, пад Валакаламскам. Віртуальныя прагулкі на "Кацюшы" па Краснай плошчы. Беларуская выстава ваеннага плаката часоў СССР. Масква рыхтуецца да святкавання 72-й гадавіны Вялікай Перамогі. Гэтымі днямі госці і жыхары сталіцы могуць перанесціся ў часы Вялікай Айчыннай вайны і лепш даведацца гісторыю таго часу. У ваенным мінулым пабывала і Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Гэтымі днямі яны апранаюць усе свае ўзнагароды і выходзяць на вуліцы. І хай такія прагулкі даюцца нялёгка, бо многім ужо за 90, увага і цёплыя словы ад выпадковых прахожых надаюць ім сілы, вяртаюць усмешкі на твары і бляск у вочы.

Марыя Навумаўна Вараб'ёва родам з Беларусі. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ёй было 13 гадоў. Юная дзяўчына дапамагала партызанам, употай начамі, рызыкуючы ўласным жыццём, насіла ім ежу ў атрад.

Гэтымі днямі Масква нібыта пераносіць кожнага на 70 гадоў назад. У гістарычным парку на ВДНГ можна цалкам акунуцца ў атмасферу адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны - бою пад Валакаламскам у снежні 1941 года.

Надзеўшы трохмерныя акуляры, ты становішся ўдзельнікам баёў на Курскай дузе, выконваеш фігуры вышэйшага пілатажу з пілотамі расійскіх "Стрыжоў" і едзеш з ветрыкам на "Кацюшы" па Краснай плошчы падчас парада. А вярнуўшыся ў рэальную рэчаіснасць, можаш патрымаць у руках баявую зброю часоў Вялікай Айчыннай і даведацца пра ваенную моду таго часу.

"Радзіма-маці кліча!", "Знішчым фашысцкую гадзіну!", "Усё для фронту! Усё для Перамогі!" - плакаты Другой сусветнай вайны білі ворага вострым словам. Беларуская экспазіцыя ў Маскве сабрала некалькі дзясяткаў найбольш вядомых савецкіх ваенных плакатаў. Таксама гэтымі днямі на ВДНГ можна ўбачыць невялікую, але вельмі асабістую выставу Музея ваеннай гісторыі Беларусі. Усе экспанаты - рэчы з сямейных архіваў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: фатаграфіі, ваенная форма, кішэнны фанарык і нават самаробная запальніца.

І вядома, кульмінацыя свята - гэта ваенны парад на Краснай плошчы. Сёлета ў ім прымаюць удзел 10 тысяч вайскоўцаў і больш за 100 адзінак ваеннай тэхнікі. Масквічы і госці сталіцы ўбачаць легендарныя танкі Т-34, сучасныя бронеаўтамабілі "Тыгр" і "Тайфун", зенітна-гарматныя комплексы "Панцыр-С1". Упершыню ў парадзе прымаюць удзел арктычныя ўзоры ўзбраення. Акрамя Масквы, парады пройдуць яшчэ ў 28 гарадах Расіі.