Сусветныя СМІ абмяркоўваюць планы ЗША выйсці з Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці

22 октября 2018

Сусветныя інфармагенцтвы працягваюць абмяркоўваць планы ЗША выйсці з Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці.

Навіны, што Штаты збіраюцца выйсці з пагаднення, спачатку з'явіліся ў амерыканскіх газетах. Неўзабаве інфармацыю пацвердзіў і сам кіраўнік Белага дома. Як заявіў Дональд Трамп, да такога рашэння яго падштурхнула Масква, якая нібыта неаднаразова парушала гэтае пагадненне. "Небяспечны крок, які выклікае шкадаванне", - так адрэагавалі ў МЗС Расіі. Яго кіраўнік Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што на карту пастаўлена ядзерная бяспека ўсяго свету.

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі:

"Як мы ўжо не раз гаварылі, прэзідэнт Пуцін пацвердзіў гэта на валдайскім форуме зусім нядаўна ў Сочы, любое дзеянне ў гэтай сферы будзе сустракаць процідзеянне, таму што стратэгічная стабільнасць можа быць забяспечана толькі на аснове парытэту. І такі парытэт будзе вытрыманы пры ўсіх акалічнасцях. Мы нясем адказнасць за глабальную стабільнасць і разлічваем, што Злучаныя Штаты таксама не адмовяцца ад сваёй долі адказнасці. Зыходжу з таго, што такі падыход павінен быць прыменены і ў дачыненні да Дагавора аб стратэгічных наступальных узбраеннях, так званы ДСНУ-3".

Намеры кіраўніка Белага дома выклікалі крытыку таксама ў Еўрасаюзе, Кітаі і Японіі. Бо менавіта Дагавор аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці называюць адным з галоўных гарантаў бяспекі на планеце. У саміх Штатах таксама далёка не ўсе падтрымліваюць ідэю выхаду з пагаднення. Так, сенатар Рэнд Пол у эфіры Fox News назваў яе "вялікай і легкадумнай памылкай". Дагавор, нагадаем, стаў у нейкай меры сімвалам завяршэння халоднай вайны. У 1987 Масква і Вашынгтон пасля доўгіх і няпростых перамоў вырашылі пазбавіцца ад цэлага класа ўзбраенняў і ніколі не вырабляць яго ў будучыні.