Мінабароны Расіі: Су-24 быў збіты ракетай турэцкага знішчальніка F-16 на тэрыторыі Сірыі

25 ноября 2015

Міністэрства абароны Расіі зрабіла афіцыйную заяву наконт збітага расійскага ваеннага самалёта. Су-24 быў збіты ракетай турэцкага знішчальніка F-16 на тэрыторыі Сірыі. Адзін з пілотаў загінуў, другі пілот, паводле пакуль непацверджанай інфармацыі, якая паступае, выратаваны. У генштабе пацвердзілі і гібель аднаго марпеха. Ён знаходзіўся на борце верталёта Мі-8. Яго адправілі для выратавання лётчыкаў са збітага раней самалёта. Нагадаем, Анкара заяўляе, што знішчальнік F-16 ВПС Турцыі збіў расійскі Су-24 праз парушэнне сваёй паветранай прасторы пасля неаднаразовых папярэджанняў. Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца і ў НАТА.

Генсак ААН заклікаў бакі прыняць тэрміновыя меры па дээскалацыі напружанасці. Як адзначылі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, гэтая падзея падкрэслівае неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва і вырашэння канфлікту ў Сірыі.

Паміж тым аналітыкі выказваюць меркаванне, што сітуацыя вакол збітага турэцкімі ВПС расійскага самалёта Су-24 сур'ёзна не паўплывае на адносіны паміж Расіяй і Турцыяй. Ва ўмовах ваенных дзеянняў супраць ІДІЛ верагоднасць падобных інцыдэнтаў высокая.